Супрацьстаянне Беларусь - Паўднёвая Карэя на ЧС у Нур-Султане ў 13:00 на "Беларусь 5"

5 мая 2019

Зборная Беларусі па хакеі сёння правядзе заключны матч на чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне. Напярэдадні наша каманда гарантавала сабе вяртанне ў элітны дывізіён, набраўшы адзін бал у гульні з Казахстанам, дзе мы ўступілі ў авертайме. Гаспадары форуму, дарэчы, таксама забяспечылі сабе як мінімум другое месца. У іх 11 ачкоў, у Беларусі на бал менш. Таму сустрэча з Паўднёвай Карэяй ні для нас, ні для апанента ўжо не мае турнірнай матывацыі. Вышэй за трэцюю пазіцыю азіяты не паднімуцца. 

Дарэчы, усе тры заключныя сустрэчы планетарнага форума ў Нур-Султане тэлеканал "Беларусь 5" пакажа ў прамым эфіры. Першымі на лёд выйдуць славенцы і літоўцы, у 13 гадзін пачнецца супрацьстаянне Беларусь - Паўднёвая Карэя, закрые ж першынство дуэль гаспадароў з венграмі.