Прылёт Дыега Марадоны ў Брэст стаў тэмай нумар адзін у медыяпрасторы

17 июля 2018

Доўгачаканы прылёт легендарнага Дыега Марадоны ў горад над Бугам стаў тэмай нумар адзін у медыяпрасторы. Абмяркоўвалі і ўклад, які аргенцінец можа ўнесці ў беларускі футбол, і, вядома ж, грандыёзнае шоу, у якое Марадона ператварыў сваё з'яўленне на стадыёне "Брэсцкі".

"Дыега Марадона афіцыйна прадстаўлены старшынёй брэсцкага "Дынама". Прычым, у самай відовішчнай манеры", - піша аўстралійская "Кур'ер Мейл". Здаецца, журналісты ўжо даўно перасталі здзіўляцца эксцэнтрычнасці зорак сусветнага ўзроўню. Але ў Марадоны атрымліваецца здзіўляць. Рэпарцёры "Кур'ер Мейл", напрыклад, маляўніча апісваюць момант з'яўлення аргенцінца на стадыёне на вялізным джыпе. Вялікую фотападборку публікуе і сайт спартыўнага падраздзялення брытанскай Бі-бі-сі. "Я не баюся цяжкасцяў, а гэтыя людзі вельмі сур'ёзна настроены”, - прыводзіць словы трэнера "Скай Спортс". У якасці бонуса кароткі напамінак аб фуроры, які Марадона выклікаў на чэмпіянаце свету ў Расіі.

"Дэйлі Мейл" называе прылёт футбольнай зоркі ў Беларусь "вялікім прыбыццём". А таблоід "Сан" каротка рэзюмуе: "Brest is best" ("Брэст лепшы"). Ці стане Дыега Марадона Чэ Геварам беларускага футбола - задае заканамернае пытанне нямецкая "Дойчэ Веле". Што ж, спадзяемся, адказ на яго будзе станоўчым.