Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Казахстан з рабочым візітам

8 июня 2017

Аляксандр Лукашэнка сёння накіраваўся ў Казахстан з двухдзённым рабочым візітам. Беларускі борт нумар адзін вылецеў з Нацыянальнага аэрапорта Мінск яшчэ да поўдня.

Кіраўнік дзяржавы прыме ўдзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Мэта міжнароднага аб'яднання - прасоўванне ўсебаковага дыялогу паміж краінамі на еўразійскай прасторы і гарантаванне бяспекі.

Тэрыторыі дзяржаў, якія ўваходзяць або імкнуцца стаць удзельнікам арганізацыі, - гэта 60% Еўразіі і ледзь не палова насельніцтва планеты, таму сёння Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва становіцца ўплывовай сілай. Аляксандр Лукашэнка выступіць на сустрэчы лідараў краін аб'яднання ў Астане. Беларусь у статусе назіральніка актыўна ўдзельнічае ў яго дзейнасці. Кіраўнік дзяржавы агучыць пазіцыю беларускага боку па развіцці арганізацыі, у тым ліку і яе эканамічнага вымярэння. Таксама запланавана двухбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Нурсултанам Назарбаевым. Лідары абмяркуюць агульны парадак дня і ўзаемадзеянне ў інтэграцыйных фарматах. Прэзідэнт Беларусі таксама прыме ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы "ЭКСПА", якая ў гэтыя дні стартуе ў сталіцы Казахстана. Там будзе працаваць і беларускі павільён.