Свята спорту. У Мінску збіраюцца ўдзельнікі Каляднага турніру

2 января 2020
Роўна суткі застаюцца да старту XVI Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі. У беларускую сталіцу прыбывае большасць удзельнікаў спаборніцтваў.

Самымі першымі ў апошнія дні мінулага года мы сустракалі хакеістаў з Кітая 

Сёння ж галоўная паветраная гавань краіны на гэты момант ужо прыняла рэйсы з камандамі ААЭ, Швейцарыі, гульцоў зборнай Балтыі. Не так даўно прызямліўся самалёт з хакеістамі са Злучаных Штатаў Амерыкі  - гэта дэбютанты Каляднага турніру і сапернікі нашай каманды па групавым раўндзе.

Сёлета за перамогу будуць змагацца 12 зборных, якія разбіты на 4 групы

Сёлета за перамогу ў неафіцыйным чэмпіянаце свету сярод аматараў (менавіта такую другую назву атрымалі гэтыя спаборніцтвы)  будуць змагацца 12 зборных, якія разбіты на 4 групы. Матчы пройдуць на малой і вялікай арэнах у Чыжоўцы. У плэй-оф выйдуць толькі пераможцы кожнай тройкі. І ўжо сёння раніцай удзельнікі спаборніцтваў, якія прыляцелі раней за ўсіх, правялі сваю першую трэніроўку.

 Цырымонія адкрыцця Каляднага турніру па хакеі заўтра на "Чыжоўка-Арэне" ў 17:30

Урачыстая цырымонія адкрыцця Каляднага турніру пачнецца на "Чыжоўка-Арэне" заўтра ў 17:30. А першыя матчы стартуюць ужо ў гадзіну дня. На лёд выйдуць хакеісты Украіны і Швейцарыі. Паядынак з удзелам каманды Прэзідэнта стартуе а 19-й гадзіне. У саперніках у гаспадароў  госці  са Злучаных Штатаў Амерыкі.