"Полымя міру" сустракалі ў Шклове і Александрыі

31 мая 2019
На збліжэнне краін накіраваны і вялікія спартыўныя мерапрыемствы. Ужо праз 3 тыдні  беларуская сталіца прыме больш за  4 тысячы спартсменаў з усёй Еўропы. 21 чэрвеня на алімпійскім стадыёне "Дынама" запаліцца агонь, адбудзецца адкрыццё II Еўрапейскіх гульняў. Пакуль  усе сочаць за дарогай "Полымя міру", якое падарожнічае па Беларусі. Адна з самых відовішчных падзей Гульняў - эстафета агню - сёння пабывала ў Шклове. У маршруце адразу некалькі знакавых месцаў, якія адлюстроўваюць гістарычную і культурную спадчыну горада. А сярод факеланосцаў людзі, чые біяграфіі  так або інакш звязаныя з Магілёўшчынай  і, вядома, спортам. Эстафету агню сёння сустракалі і на радзіме беларускага Прэзідэнта - у Александрыі. Факеланосцы прабеглі па самых маляўнічых месцах, якія з'яўляюцца часткай экскурсійных маршрутаў, звязаных з біяграфіяй Кіраўніка дзяржавы. Гэта Трафімава крыніца, якую заснаваў дзядуля Аляксандра Лукашэнкі, і школа, дзе вучыўся будучы Прэзідэнт Беларусі. Ілона Красуцкая аб маршруце, які спатрэбіцца падарожнікам не толькі падчас II  Еўрапейскіх гульняў.

Прыдняпроўскі край сёння - адзін з самых папулярных маршрутаў у іншаземцаў. Плюс турыстычнаму трафіку дадае трохгоддзе Года малой радзімы. Паказаць сапраўды ёсць што: касцёлы і цэрквы XIX стагоддзя, будынак сінагогі зусім XVII. Знакаміты гарадскі парк і лядовая арэна. Нядзіўна, што гэтыя месцы былі выбраныя для дарогі "Полымя міру" II  Еўрапейскіх гульняў. 

Старт эстафеты быў дадзены на цэнтральнай плошчы горада. Біяграфіі факеланосцаў так або інакш звязаныя з Магілёўшчынай і, вядома, спортам. Полымя агню ў Шклове запальваў Дзмітрый Варанюк. Першы сакратар БРСМ правёў юнацтва ў Магілёве, там жа пазнаёміўся з будучай жонкай. Аляксандр Масяйкоў  - алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ-двойцы. Нарадзіўся ў абласным цэнтры. Да таго ж ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Аляксей Каіраў яшчэ школьнікам быў зоркай мясцовага тэлебачання і газет. Вучань са Шклова перамагаў хай не на спартыўнай, але інтэлектуальнай алімпіядзе па біялогіі. Дзякуючы асабістым дасягненням зараз мае дачыненне  і да спартыўнага свята. 

"Полымя міру" сёння сустракалі і ў Александрыі. Гарадок з насельніцтвам усяго  600 чалавек стаў сапраўдным іміджавым праектам краіны. Сумаваць тут  наўрад ці  прыйдзецца. 

Александрыя вядомая не толькі сваім аднайменным святам, якое збірае на Купалле дзясяткі тысяч гасцей з розных краін свету. Гэта яшчэ і радзіма нашага Прэзідэнта. Дарэчы, імя Аляксандра Лукашэнкі з кожным годам прываблівае сюды ўсё больш турыстаў. У першую чаргу едуць паглядзець на месцы, звязаныя з біяграфіяй Кіраўніка беларускай дзяржавы. 

Сярод тых, хто хоча паглядзець, дзе прайшло дзяцінства будучага кіраўніка краіны, госці з Расіі, Кітая, Егіпта, Ізраіля, Іарданіі і Японіі. Едуць і да Трафімавай крыніцы,  якую заснаваў яшчэ дзядуля Аляксандра Лукашэнкі  Трафім. За дзень сюды прыязджаюць дзясяткі дэлегацый, каб набраць вады са святой крыніцы. Менавіта тут быў запалены агонь Гульняў. Сімвалічна, што факеланосцамі сталі людзі, якія штодня працуюць побач з Кіраўніком дзяржавы, знакамітыя спартсмены і тыя, хто прымаюць непасрэдны ўдзел у арганізацыі II Еўрапейскіх гульняў. 

Аграгарадок Александрыя, хутчэй,  аўтэнтычны горад  з унікальным ландшафтам. Ёсць усе выгоды, што і ў вялікім горадзе, і тое,  чаго так не хапае мегаполісу: цішыні і адзіноты. Маршрут факеланосцаў праходзіць каля Дома культуры і вольнага часу. Актыўна праводзяць час жыхары, госці горада і ў спарткомплексе. На базе аграгарадка створаны трэніровачны цэнтр Акадэміі футбола "Дынама-Брэст". Падлеткі з усіх куткоў Беларусі жывуць у гасцініцы і займаюцца ў мясцовай школе. Словам, прыдатны антураж для дарогі "Полымя міру". Вакол спартыўная тэматыка. 

Сярэбраны і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў, гімнастка Ксенія Санковіч ведае ўсё пра цяжкасці і шчаслівыя моманты. Але такі ён,  вялікі спорт. У любым выпадку  гэта эмоцыі. 

Акрамя запячатвання агню, у міс Беларусь 2018, самай прыгожай дзяўчыны Еўропы Марыі Васілевіч была яшчэ адна місія - дарыць натхненне. Бо ад нашых спартсменаў мы чакаем  сапраўды прыгожых перамог. 

Завяршылася эстафета каля яшчэ аднаго папулярнага месца турыстаў - школы, дзе вучыўся будучы Прэзідэнт Беларусі. Сфатаграфавацца і пасядзець за школьнай партай Кіраўніка дзяржавы - абавязковы рытуал. Да кар'ернага росту. Зусім хутка ўжо пасля II  Еўрапейскіх гульняў гэтыя месцы зноў стануць ньюсмейкерам. Сваіх сяброў Александрыя збярэ на свята Купалле 6-7 ліпеня. Па традыцыі фестываль не прапускае і знакаміты зямляк Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, білетаў на адкрыццё засталося не так  і шмат.