"Полымя міру" ў Гомельскім рэгіёне. Караван факеланосцаў за дзень пераадолеў каля 100 кіламетраў

6 июня 2019

Эстафета "Полымя міру" працягвае крочыць па краіне. Напярэдадні агонь перасёк мяжу Гомельскага рэгіёна. Толькі за гэты дзень караван факеланосцаў пераадолеў каля 100 кіламетраў. У маршруце прамысловыя гіганты і першыя ў Беларусі нафтавыя свідравіны. "Полымя міру" пабывала і ў цэхах галоўнай аўтакузні вобласці. Факел II Еўрапейскіх гульняў нават пракаціўся на легендарных беларускіх камбайнах. Як гэта было - у рэпартажы Ганны Кавалёвай.

Аб працэдурах і ўколах пацыенты дзіцячай бальніцы сёння забылі. У гасцях  героі самай яркай эстафеты - факеланосцы "Полымя міру". Сюды зазірнулі не проста. Абнаўленне бальніцы  два гады таму стала агульнай справай для ўсіх беларусаў. І сёння вынік усенароднай будоўлі - гэта эфектыўнае лячэнне самых маленькіх жыхароў вобласці.

Вольга Мычко, генеральны сакратар Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа: "Вельмі адказна і ганарова, калі ты перадаеш полымя спорту, полымя міру, полымя дабра. Тым больш калі гэта будзе праходзіць на тэрыторыі дзіцячай бальніцы. Вядома, вельмі выдатна і знакава".

На лячэнні зараз 540 дзяцей. Факеланосцаў яны сустрэлі паветраным флэшмобам: выпусцілі ў неба дзясяткі шароў. Да тых, хто не змог пакінуць палаты, удзельнікі эстафеты зазірнулі самі. Сямейны падрад спартсменаў Артура і Марыны Літвінчук пажадаў дзецям выздараўлення і пакінуў на памяць сувеніры. Наступнай "Полымя міру" сустракала кузня легендарных беларускіх камбайнаў. На адным з іх факеланосцы нават пераадолелі частку шляху.

Агонь пранеслі па цэхах і па выставе ўзораў беларускага машынабудавання.

А па шляху да яе  яшчэ адзін прыпынак - Гомельскі ДБК. Тут з матэрыялаў сваёй жа вытворчасці вырабілі двухметровага Лесіка, высадзілі памятнае дрэва, а мімаходам паўсотні супрацоўнікаў правялі флэшмоб. Пасля караван факеланосцаў адправіўся за 50 кіламетраў ад абласнога цэнтра.

Гэтае Рэчыцкае радовішча нафты адкрылі ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Менавіта з яго пачалася гісторыя нафтаздабычы ў Беларусі. "Полымя міру" пабывала і тут.

На паўднёвым захадзе ад Гомеля больш за паўстагоддзе таму забіў першы фантан нафты. Той момант змяніў эканамічную карціну краіны. Абысці гэта месца героі яшчэ адной знакавай падзеі ў гісторыі Беларусі проста не маглі.

Дарэчы, не менш значная ў эстафеце і роля захавальнікаў агню. Гэтыя людзі звычайна ў цені факеланосцаў, але менавіта ад іх залежыць захаванасць сімвала Еўрапейскіх гульняў. Яўген Піляк адзін з іх. Хлопец з лампадай у руках  ад  старту. Прайшоў па ўсіх абласных цэнтрах і апошні з візітаў - у Гомель - стаў вяртаннем на малую радзіму.

Яўген Піляк, захавальнік агню: "У нас заўсёды ёсць мацярынскі агонь, які ў выпадку чаго мы пераносім з адной лампады ў другую. Ён гарыць без перапынку ўвесь гэты час. Дзяжурым з гэтай лампадай па чарзе. Нават начныя дзяжурствы ёсць. Таму агонь у надзейных руках".

Ужо заўтра эстафету перададуць Жлобіну. Агонь пабывае на беларускім металургічным заводзе і ў адным з самых прыгожых замкаў Беларусі - сядзібе Козел-Паклеўскіх.