"Полымя міру" працягвае падарожжа па знакавых месцах Беларусі

17 мая 2019

Скрозь адлегласць і час. "Полымя міру" працягвае падарожжа па знакавых месцах нашай краіны. Сёння яго шлях пралягаў праз маляўнічы куток Брэсцкай вобласці Косава. Да гэтага факел II Еўрапейскіх гульняў пранеслі па вуліцах Баранавіч. Больш падрабязна аб няпростым, але яркім шляху раскажа Сяргей Казловіч

Здавалася, цырымонія можа быць сарваная праліўным дажджом, які не суціхаў з раніцы. Але роўна ў 10 надвор'е зрабіла паўзу, каб "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў сагрэла і асвятліла Баранавічы і яго жыхароў. 

Сімвалічны агонь сустрэлі яркім флэшмобам на галоўнай плошчы. Размах свята невыпадковы. Бо тут эстафета дае старт святу горада. Дзень нараджэння Баранавічы адзначаць у гэтыя выхадныя. Першай па святочных вуліцах прабегла майстар спорту па плаванні Юлія Хітрая. Дзяўчына двойчы абараняла гонар краіны на Алімпійскіх гульнях. 

Эстафета полымя не магла прайсці міма музея паравозаў. Баранавічы - буйны чыгуначны вузел. І тут да цягнікоў асаблівае стаўленне. Пад звон станцыйнага звана факел прыняў Даніэль Ястрэмскі. Паўгода таму ён заваёўваў сэрцы ўсёй Еўропы на дзіцячым "Еўрабачанні". Сёння місія - спартыўная. 

Далей па маршруце - авіярамонтны завод і Баранавіцкі ўніверсітэт. Тут факел II Еўрапейскіх гульняў прыняў першы намеснік міністра інфармацыі. Паўлу Лёгкаму задачу было выканаць прасцей. Сіл надавала малая радзіма.

І апошні прыпынак у Брэсцкай вобласці - Косава. Амаль адроджаны палац Пуслоўскіх. Падзей такога маштабу гэтыя сцены відавочна яшчэ не бачылі. 

Паводле адной з легенд, Пуслоўскія былі настолькі багатыя, што маглі сабе дазволіць даволі дарагія забаўкі. Напрыклад, адзін з гаспадароў палаца, Вандалін, улетку засцілаў вось гэтыя ўзгоркі тканню і пасыпаў тоўстым пластом солі. І ўсё дзеля таго, каб яго жонка магла пракаціцца на санках. Гэтую і іншыя легенды турысты могуць пачуць і сёння. Нягледзячы на рэканструкцыю, працуюць некалькі зал. А ўжо ў наступным годзе будаўнікі абяцаюць адкрыць увесь комплекс.

"Полымя міру" зазірнула і ў музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. Тут эстафета акунулася ў гісторыю. Гасцям паказалі невялікі фрагмент з жыцця будучага героя адразу некалькіх краін. У гэтым знакавым месцы ў эстафеце прыняла ўдзел і наша калега - тэлевядучая Таццяна Някрасава. Прамыя эфіры для яе даўно не стрэс, а вось ганаровая місія факеланосца прымусіла пахвалявацца. 

Ужо заўтра эстафету сімвалічнага агню II Еўрапейскіх гульняў прыме Гродзенская вобласць. Полымя сустрэнуць у Каложскай царкве, пранясуць па вуліцах горада і адправяць у воднае падарожжа па Аўгустоўскім канале.