У нядзелю адбудзецца закрыццё XXIII зімовай Алімпіяды ў Пхёнчхане. Прамая трансляцыя на "Беларусь 1"

24 февраля 2018

Ужо заўтра XXIII зімовая Алімпіяда ў Паўднёвай Карэі стане гісторыяй.

Да закрыцця Гульняў у Пхёнчхане застаецца ледзь менш як 17 гадзін. Прамую трансляцыю ўрачыстай цырымоніі будзе весці "Беларусь 1". Пачатак у 13:55. Варта адзначыць: каналы Белтэлерадыёкампаніі паказалі ў прамым эфіры больш як 150 гадзін спартыўных трансляцый. А яшчэ эксклюзіўныя інтэрв'ю, кадры і каментарыі. Неймаверная праца. За аператыўным асвятленнем падзей стаіць вялікая каманда прафесіяналаў. Аб тым, як уладкаваны офіс нашага медыяхолдынга ў міжнародным вяшчальным цэнтры, раскажа Яўген Перлін.

Офіс Белтэлерадыёкампаніі ў Карэі займае ўсяго 100 квадратных метраў. Чаму ўсяго? Проста ледзь ці не палову прасторы займае тэхніка для трансляцый. Маніторы, мадэмы, рэжысёрскія пульты, мантажныя комплексы. Алімпіяду асвятлялі ўсяго 28 нашых калег. Журналісты, рэжысёры мантажу, інжынеры, каментатары і вядучыя.

А гэта - тая самая студыя "Алімпійскага дзённіка". Менавіта сюды адразу ж пасля цырымоніі ўручэння медалёў прыязджалі нашы пераможцы! Першым было інтэрв'ю з фрыстайлісткай Ганнай Гуськовай. Макіяж для трыумфатара - ад вядучай "Дзённіка" Ганны Эйсмант. Адразу ж аўтографы для ўсёй каманды журналістаў. І невялікая экскурсія па медыяофісе.

Пазней прыйшлі і біятланісткі са сваім феерычным золатам. Сустракалі іх не толькі беларусы. Прыйшлі і прадстаўнікі іншых тэлекампаній.

Дар'я Домрачава, каб падкрэсліць дух каманды, нават не ўзяла з сабою сваё срэбра мас-старту! І зноў той жа рытуал - фатаграфаванне, аўтограф-сесія і вялікае інтэрв'ю. Біятланісткі адразу ж у студыі знайшлі мішэні - як гавораць: "у якую камеру глядзець".

Замерлі гэтак жа, як і падчас выканання гімна, калі сачылі за трансляцыяй узнагароджання на "Медалс плаза"!

Акрамя студыйнай здымкі, у эфір выходзілі дзясяткі сюжэтаў. Як і гэты - манціраваўся тут жа. Асобнай гуказапісвальнай студыі няма. Таму, каб усе замежныя спартсмены і не толькі - загаварылі па-руску, пераклады прыходзілася начытваць практычна ў палявых умовах.

Пастаянна сядзець за сталом складана і трэба адпачываць маральна, таму можна дазволіць сабе пару хвілін з мячом.

Самае неверагоднае, што ў міжнародны вяшчальны цэнтр мае доступ вельмі абмежаваная колькасць журналістаў. Аднак сюды часам заходзяць і госці. У самым пачатку Алімпіяды спантанна з'явілася магчымасць пагутарыць з прэзідэнтам Латвіі. А Павел Капуцкі нечакана запісаў флэш-інтэрв'ю з чатырохразовым алімпійскім чэмпіёнам па біятлоне з Германіі.

І, вядома, алімпійскія трансляцыі. Вось гэта - самы галоўны экран, падзелены на 9 частак. Гэта каналы відэа з пляцовак, дзе праходзяць спаборніцтвы. Калі старты пачыналіся ў адзін і той жа час, "Беларусь 5" пераходзіў у рэжым "пераклічкі", гэта значыць - па чарзе гледачы назіралі карцінку з розных арэн або схілаў.

Журналісты Агенцтва тэленавін, нашы калегі з тэлеканала "Беларусь 5", усе сталі адной камандай, якая імкнулася зрабіць для вас Алімпіяду відовішчнай і яркай. Здымалі ў суровы мароз, манціравалі да 3 ночы, хварэлі, як і ўся краіна.