Алімпійскае золата Антона Кушніра стала па-сапраўднаму феерычным

18 февраля 2014

У рашаючай спробе беларус пайшоў на рызыку - заявіў найскладанейшы скачок у лыжнай акрабатыцы - трайное сальта з пяццю вінтамі. І выканаў яго бездакорна. Яшчэ адна беларуская перамога. Антон стаў алімпійскім чэмпіёнам, другім у гісторыі беларускага мужчынскага фрыстайлу.


Расказвае Павел Капуцкі.


Пасля перамогі на Кубку свету ў 2010-м жыццё пачало выпрабоўваць Антона. Дзве аперацыі на левым калене. Ён мог сысці са спорту, сысці не тое што без алімпійскага медаля, а пакалечаным. У той жа час Антон ажаніўся, стаў бацькам. У сям'і і шукаў матывацыю.


Кропка, гэта першае месца на Алімпіядзе. Да яе ішоў Кушнір і яшчэ тры нашы фрыстайлісты. Чэмпіён Ванкувера Аляксей Грышын вылецеў у кваліфікацыі.


Наступным вылецеў Дзяніс Осіпаў. Самай дробязі да суперфіналу не хапіла Дзмітрыю Дашчынскаму. Ён пяты на пятай Алімпіядзе. Была бронза, было серабро. Золата ўжо не будзе.


Трайное сальта з пяццю піруэтамі. Каэфіцыент складанасці 5,0. Больш складанага скачка ў фрыстайле няма. Кушнір пайшоў па-банку. Проста месца на подыуме яму было нецікава.


Быць фаварытам, але нават не трапіць у фінал. Гэта гісторыя Кушніра чатырохгадовай даўніны. У Сочы ён прыехаў падрыхтаваным: і псіхалагічна, і фізічна. І паказаў скачок, які не выклікаў сумненняў. Антон - лепшы.


У галоўных канкурэнтаў, кітайцаў, не вытрымалі нервы. Яны скакалі пасля Антона і нават блізка да яго не наблізіліся. 134,5 бала - чэмпіёнскі паказчык. У сярэбранага прызёра Дэвіда Морыса з Аўстраліі - 110.


У мікст-зоне Кушнір з'яўляецца з сынам Платонам, якому толькі ў красавіку споўніцца два гады.


Пачынаючы з Алімпіяды 98-га года ў Нагана нашы фрыстайлісты не вяртаюцца дадому без медалёў. Гавораць, у гэтым відзе спорту многае рашае поспех, маўляў, латарэя. Але ў латарэю нельга заўсёды выйграваць, а ў нас атрымліваецца. Увесь гэты час галоўны трэнер зборнай - Мікалай Казека.


Знайсці і раскрыць. Трэнерскі геній Казека зацікавіў увесь свет. Антон Кушнір - трэці яго чэмпіён.


З перамогай спартсмена павіншаваў Прэзідэнт. Уначы ў Краснай Паляне Кушніра ўшаноўвала спартыўнае кіраўніцтва.


Другую Алімпіяду запар у лыжнай акрабатыцы перамагае беларус. У сапернікаў ёсць чатыры гады, каб падрыхтавацца і паспрабаваць заняць месца на вяршыні. А пакуль там знаходзіцца Антон Кушнір, Беларусь.