"Алімпійская віза". Біятлон

24 января 2018

Яркіх выступленняў беларусы чакаюць ад нашых спартсменак на біятлонным стадыёне ў Паўднёвай Карэі. На гэтыя старты асаблівыя надзеі. Нашы біятланісткі за апошнія гады не раз паднімаліся на п’едэстал гонару на этапах Кубка свету, Дар'я Домрачава і Надзея Скардзіна бліскуча выступілі і на Алімпіядзе ў Сочы. Зрэшты, біятлон - спорт непрадказальны. За гэта яго і любяць. Чарговая серыя праекта "Алімпійская віза" ў Паўла Капуцкага.

Выйграла Вялікі хрустальны глобус, перанесла монануклеёз, выйшла замуж за Уле Эйнара Бьёрндалена, нарадзіла Ксенію і вярнулася ў вялікі біятлон, узяўшы серабро на чэмпіянаце свету. Пасля фенаменальнай Алімпіяды ў Сочы (адразу тры залатыя ўзнагароды) Дар'я Домрачава перажыла многае. Да новага алімпійскага сезона яна рыхтавалася паўнавартасна. На этапе Кубка свету ў Хахфільцэне выйграла спрынтарскую гонку, а на мінулым тыдні ў Антхольцы ўзяла бронзу ў праследаванні і золата ў мас-старце.

Надзея Скардзіна - бронзавы прызёр Гульняў у Сочы. Яна ўзяла медаль у любімай для сябе індывідуальнай гонцы. У гэтым сезоне лепшы снайпер беларускай зборнай выйграла Малы хрустальны глобус у гэтай дысцыпліне.

У праграме Алімпіяды ў Пхёнчхане, акрамя індывідуалкі, спрынт, праследаванне, мас-старт, эстафета і змяшаная эстафета.

Біятлон - адзін з самых відовішчных алімпійскіх відаў. Спалучэнне лыжных гонак і стральбы робіць яго непрадказальным і захапляльным.

Выстрал робіцца з адлегласці 50 метраў. Дыяметр мішэні 115 міліметраў. Пры стральбе стоячы дастаткова трапіць у любую частку чорнага кружка. Лежма трэба трапіць у маленькі кружок, размешчаны ў сярэдзіне вялікага. Дыяметр 45 міліметраў.

Паўднёвакарэйская траса падобная на нашу ў Раўбічах. Шмат пад’ёмаў і спускаў, прычым перапады вышынь вялікія: 40-50 метраў. Раўнінны ўчастак толькі на стадыёне. А яшчэ ў Пхёнчхане амаль увесь снег штучны. І да гэтага спартсменам таксама трэба прыстасавацца. Ірына Крыўко - адкрыццё сезона. Упершыню ў кар'еры яна паднялася на подыум у асабістай гонцы: другое месца ў мас-старце на этапе ў французскім Ансі. Дададзім Скардзіну і Домрачаву і ў нас атрымліваецца патэнцыяльна медальная эстафета.

Андрыян Цыбульскі, старшыня Беларускай федэрацыі біятлона: "Усё робім для таго, каб выступленне было медальным. Усе службы зараджаныя, усе разумеюць, што цяжка паўтарыць поспехі мінулай Алімпіяды, але тут усё магчыма. У нас у страі моцныя спартсмены, у добрай форме".

9 лютага адбудзецца цырымонія адкрыцця Алімпіяды, а ўжо на наступны дзень жаночы спрынт.