Агляд спартыўных падзей у рубрыцы "Матчбол"

26 июля 2021

У 17-м туры чэмпіянату краіны БАТЭ прайграе брэсцкаму "Дынама". Паражэнне не дазволіла барысаўчанам выйсці на першае месца ў турнірнай табліцы. На адзін бал жоўта-блакітныя адстаюць ад лідара  - "Шахцёра". Больш спартыўных падзей у рубрыцы "Матчбол".

Алімпіяда, безумоўна, у авангардзе спартыўных падзей. 108 беларускіх атлетаў адправіліся ў Токіа на XXXII летнія Гульні. Пасля трох дзён спабоніцтваў Беларусь, на жаль, застаецца без медалёў.

Бліжэй да п'едэстала пакуль наблізілася жаночая зборная Беларусі па стральбе з лука. Карына Дзёмінская, Карына Казлоўская, Ганна Марусава паслядоўна перамаглі Кітай і Японію ў камандных спаборніцтвах, а ў паўфінале саступілі фаварыту турніра - зборнай Паўднёвай Карэі. У матчы за бронзу беларускі саступілі Германіі.

А раніцай сёння мы сачылі за выступленнем нашых плыўцоў. Анастасія Шкурдай  у фінале сваёй кароннай дысцыпліны (100 метраў батэрфляем) паказала восьмы вынік. Крыху пазней у басейне з'явіўся лідар мужчынскай зборнай  Ілья Шымановіч. Ён таксама заняў васьмую пазіцыю ў вырашальным заплыве на 100 метраў брасам.

На жаль, саступіла сёння Арына Сабаленка. У другім крузе алімпійскага тэніснага турніру  мінчанка прайграла прадстаўніцы Харватыі  Донне Векіч, 4:6, 6:3,6:7.

Футбол застаецца ў цэнтры ўвагі таксама. У еўракубках, а менавіта ў Лізе канферэнцый, у беларускіх клубаў пакуль толькі адна перамога. 

Футбалісты "Тарпеда-БелАЗ" нічога не здолелі супрацьпаставіць "Капенгагену" ў Даніі - паражэнне 1:4. Таксама непрыемна здзівіў "Шахцёр". "Гарнякі" ўвогуле прайгралі куды менш вядомай камандзе, прадстаўнікі Люксембурга - футбольнаму клубу "Фола", 1:2. Гэты вынік прывёў да адстаўкі галоўнага трэнера  Рамана Грыгарчука. 

У першым паядынку другога раўнда Лігі канферэнцый перамог толькі БАТЭ. Барысаўчане былі мацнейшыя за "Дынама-Батумі" ў гасцях, 1:0. Матч у адказ пройдзе праз тыдзень.

А вось атрымаць вікторыю напярэдадні  ў 17-м туры чэмпіянату краіны  футбалісты БАТЭ не здолелі. 0:2 саступілі жоўта-блакітныя брэсцкаму "Дынама". Такім чынам, барысаўчане адстаюць ад "Шахцёра" на 1 бал. Пры гэтым у "гарнякоў"  3 гульні ў запасе. Дарэчы, ужо афіцыйна ўзначаліў клуб з Салігорска Сяргей Гурэнка.

На працягу яшчэ 13 дзён сочым за Алімпіядай разам. Вашай увазе ў прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5" выступленне ўсіх нашых атлетаў. Паралельна цікавімся футболам. У чацвер на "Барысаў-Арэне" БАТЭ згуляе супраць "Дынама-Батумі". На гэтым усё. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.