Агляд галоўных спартыўных падзей - у рубрыцы "Матчбол"

27 ноября 2023

Мінскае хакейнае "Дынама" 26 лістапада саступіла аднаклубнікам з Масквы ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ - як вынік у турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі "зубры" ўжо восьмыя. А вось футбольнае "Дынама", наадварот, у выдатным настроі. Падрабязнасці ў рубрыцы "Матчбол".

Сталічнае футбольнае "Дынама" - нарэшце чэмпіён Беларусі: бела-блакітныя напярэдадні перамаглі "Белшыну" і датэрмінова заваявалі залатыя медалі першынства краіны!

Дзевятнаццаць гадоў чакалі прыхільнікі мінчан гэтага трыумфу. У перадапошнім туры каманда Вадзіма Скрыпчанкі адправілася у Бабруйск і, сімвалічна, на стадыёне імя Пракапенкі не пакінула шанцаў мясцовай камандзе - 4:0. Такім чынам дынамаўцы сталі недасягальнымі для "Нёмана". Гэта вікторыя адбылася, дарэчы, у дзень нараджэння галоўнага трэнера "Дынама".

А вось "Нёман" крыху пазней, але ж таксама напярэдадні, сустракаўся з БАТЭ і саступіў барысаўчанам у гасцях - 2:3, гэта гульня ўжо нічога не вырашала для каманды з Гродна. У адрозненне ад футбалістаў Барысава. Вікторыя дазваляе спадзявацца на бронзавыя медалі першынства краіны, аднак для гэтага трэба перамагаць "Шахцёр", і разлічваць на паражэнне "Тарпеда-БЕЛАЗ" у матчы з "Дынама", і на тое, што "Іслач" страціць ачкі ў паядынку з "Мінскам".

Гульні апошняга тура першынства Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе адбудуцца ў суботу і стартуюць у 14:00.

Першы этап Кубка Расіі па біятлоне, які прайшоў у Ханты-Мансійску, парадаваў беларусаў выдатным выступленнем нашай каманды ў змешанай эстафеце: Ганна Сола, Ірына Лешчанка, Мікіта Лобастаў і Павел Бялько сталі другімі, саступіўшы толькі зборнай Свярдлоўскай вобласці.

І навіна для прыхільнікаў лыжнага спорту і біятлону: спартыўны комплекс "Раўбічы" чакае гасцей: траса працягласцю 1 800 м ужо гатова і з суботы прымае сваіх першых наведвальнікаў!

На гэтым тыдні зноў сочым за біятлонам - другім этапам Кубка Расіі, паралельна цікавімся хакеем. Пройдуць гульні КХЛ, МХЛ і Экстралігі. А ў суботу футбол - вырашальны тур першынства Беларусі. Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся!