Новы праект АТН. "Зборная Беларусі". Першая серыя прысвечана веласпорту

27 мая 2019

Cёння, роўна за 25 дзён да старту ІІ Еўрапейскіх гульняў, мы запускаем новы праект. "Зборная Беларусі". Гэта 18 серый аб нашых нацыянальных камандах, якія рыхтуюцца да мультыспартыўнага форуму. Галоўныя надзеі і тонкасці відаў спорту. Ад балельшчыкаў не выслізне ні адзін цікавы факт. Партнёр праекта "БПС-Ашчадбанк". Першая серыя праекта "Зборная Беларусі" прысвечана веласпорту. Чаму пасля гонкі спартсмены не могуць спыніцца і круцяць педалі яшчэ і на станку? Якія асаблівасці шашэйнага маршруту? І чаму мэдзісан можна назваць інтэлектуальнай дысцыплінай?

Усе адказы - ужо зараз! Такога яшчэ не было. Медалі ў веласпорце на трэку на І Еўрапейскіх гульнях у Баку не разгульваліся. А менавіта ў гэтым відзе спорту спартсменам трэба будзе пазмагацца за максімальную колькасць узнагарод - на коне 20 камплектаў золата-серабра-бронзы і 316 прэтэндэнтаў на іх. Так што на трэку ў канцы чэрвеня будзе горача, і гэта не ў пераносным значэнні слова. Ядро трэка падчас спаборніцтваў падобна невялікаму пчалінаму вулею. Палова тэрыторыі падзеленая на разміначныя боксы. У кожнай каманды ён свой. Калі не едуць на веласіпедзе, то веласіпед нясуць на плячы. І перад кожнай гонкай дбайна правяраюць. Бо для таго, каб не дапусціць спартсмена на спаборніцтва, досыць аднаго лішняга плюс-мінус міліметра, да прыкладу, паміж воссю карэткі і сядлом.

На станках тут да і пасля гонкі. Прычым круцяць педалі, як да старту, так і пасля яго. Таццяна Шаракова - велагоншчыца з рэгаліямі і маладая мама. Для яе Еўрапейскія гульні стануць першым сур'ёзным стартам на трэку пасля двухгадовага перапынку. Чаго не скажаш пра аднаго з лідараў беларускага веласпорту Яўгена Каралька, або караля скрэтча, як далі мянушку яго балельшчыкі. На Еўрапейскіх гульнях у кампаніі Рамана Цішкова ён пазмагаецца за медалі і ў мэдзісане, а гэта ўжо алімпійская дысцыпліна. Усяго ж у складзе зборнай Беларусі на старты выйдуць 18 спартсменаў, у тым ліку 10 мужчын і 8 жанчын.

Прафесіяналы раяць: білеты на трэкавыя спаборніцтвы лепш за ўсё купляць на месцы, дзе лепш за ўсё бачная фінішная лінія - арыенцір - тая, што насупраць судзейскіх трыбун. Кошт білетаў вар'іруецца ад 7 да 30 рублёў.

У адрозненне ад трэкавых спаборніцтваў, веласпорт на шашы дэбютаваў яшчэ ў Баку. Прычым беларусам атрымалася выйграць два медалі і абодва залатыя. Алёна Амелюсік стала чэмпіёнкай Гульняў у групавой гонцы, а Васіль Кірыенка выйграў гонку з індывідуальным стартам. Нашы чэмпіёны гатовыя пазмагацца за медалі і ў Мінску. У поўным узбраенні да Еўрапейскіх гульняў падыходзяць і астатнія беларусы. Допуск да стартаў атрымалі 5 жанчын і 5 мужчын. Усяго ж на 4 камплекты ўзнагарод прэтэндуюць 226 спартсменаў.

А вось тут стоп. Арганізатары ІІ Еўрапейскіх гульняў прапанавалі спартсменам маршрут у стылі урбан. Усе гонкі на шашы пройдуць па цэнтральных вуліцах сталіцы. А вось ацаніць сам маршрут шматлікія ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў ужо змаглі. На тэставай гонцы "Гран-пры Мінска". Некалькі тэхнічных паваротаў, хуткасныя спускі і галоўная адметнасць – 250 метраў бруку ў пад’ём. Самы яркі ўчастак для балельшчыкаў. Дарэчы, білеты на велашашы для гледачоў каштуюць усяго 10 рублёў.

Жанчыны праедуць 120 кіламетраў - гэта 8 кругоў па 15 кіламетраў, мужчыны - на 60 кіламетраў больш. Не здзіўляйцеся, увесь гэты час за спартсменамі неадрыўна будуць ісці тэхнічкі або машыны суправаджэння.

Першымі з веласіпедыстаў медалі ІІ Еўрапейскіх гульняў разгуляюць шашэйнікі. У суботу-нядзелю вызначацца чэмпіёны ў групавых гонках, у аўторак, 25 чэрвеня, - у гонках з паасобным стартам. Трэкавікі забраніравалі за сабою чатыры дні.