Адзіны дзень бяспекі будзе праходзіць у Беларусі двойчы за год

19 февраля 2019

У Беларусі ўпершыню праходзіць адзіны дзень бяспекі. Сёння МНС запусціў праверку СМС-апавяшчэння на час акцыі. Да сакавіка прафілактычныя мерапрыемствы адбудуцца ў школах, універсітэтах, гандлёвых цэнтрах і іншых аб'ектах з масавым знаходжаннем людзей. Яны будуць накіраваныя на папярэджанне пажараў, аварый, тэхнагенных катастроф і аказанне першай меддапамогі.

Анатоль Даўгалевец, намеснік міністра па надзвычайных сітуацыях Беларусі: "Гэта ў нас пробнае мерапрыемства. Быў вывучаны еўрапейскі вопыт правядзення такіх дзён. Ёсць розныя падыходы ў розных краінах. Гэта правядзенне ўсімі суб'ектамі прафілактыкі розных мерапрыемстваў на прадпрыемствах краіны, а таксама праца з насельніцтвам, з падрастаючым пакаленнем".

Мяркуецца, што адзіны дзень бяспекі будзе праходзіць у краіне двойчы за год. У працы будуць задзейнічаны цэлы шэраг міністэрстваў, мясцовыя органы ўлады, прафсаюзы краіны, а таксама грамадскія аб'яднанні і іншыя арганізацыі.