Названыя пераможцы пятага конкурсу "Трыумф. Героям спорту"

26 февраля 2015

8 намінацый, амаль паўтара мільёна людзей, якія ўдзельнічалі ў галасаванні, і фінальная цырымонія ў Палацы спорту. Учора ўвечар былі названыя пераможцы пятага конкурсу "Трыумф. Героям спорту" (глядзець цырымонію). Сумесны праект Нацыянальнага алімпійскага камітэта, Міністэрства спорту і турызму, Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Белтэлерадыёкампаніі ўжо па традыцыі заве спартыўных лаўрэатаў. Гэтым разам вырашальным фактарам былі вынікі на Гульнях у Сочы. 

Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Яна хоць і не змагла быць у Палацы спорту, усё роўна стала галоўным героем урачыстасці. Дар'я Домрачава. Мама трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Ларыса Аляксееўна атрымала адразу дзве статуэткі: "Вынік года" і "За волю да перамогі". Таксама Дар'я ў складзе жаночай зборнай Беларусі па біятлоне стала лепшай у намінацыі "Каманда года".

Людміла Калінчык выступленні ў вялікім спорце завяршыла, яна цяжарная. Гэтак жа, як алімпійская чэмпіёнка Ала Цупер. Фрыстайлістка чакае ўжо другое дзіця, але ўсё ж выйшла на сцэну па ўзнагароду - "Прарыў года".

У намінацыі "Трэнер года" біятлонны чараўнік немец Клаус Зіберт склаў вельмі годную канкурэнцыю нашаму герою Мікалаю Казеку. Розніца ў колькасці галасоў была мінімальная.

Яшчэ адзін вучань Казекі - Антон Кушнір - да золата Алімпіяды дадае бронзава-мармуровую статуэтку вагай на два кілаграмы. Ён спартсмен года.

Перамога хакейнай зборнай Беларусі над Латвіяй і выхад у плэй-оф хатняга чэмпіянату свету - гэта самы яркі момант. Паралімпіец Васіль Шаптабой узнагароджаны за волю да перамогі.

Усё, статуэткі раздадзеныя, пераможцы ўжо прынеслі іх дахаты і паставілі на бачнае месца побач з іншымі спартыўнымі ўзнагародамі. Наступны "Трыумф. Героям спорту" пройдзе праз два гады, і там галоўным паказчыкам пры вызначэнні лепшых будзе выступленне на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра.