Нашы карэспандэнты пра алімпійскую барацьбу ў Рыа

20 августа 2016

Для Івана Ціхана, як ён сам заявіў, гэтае серабро падобнае на золата. Пройдзены вялікі шлях. Прыйшлося пачынаць кар'еру зноў. Што да нашых вяслярак, то лідары фіналу вызначыліся адразу, а вось каму дастанецца бронза? Гэтае пытанне заставалася адкрытым да самага фінішу. За алімпійскай барацьбой сачыў наш карэспандэнт у Рыа Іван Міхайлаў.

Калі б камусьці прыйшла ў галаву ідэя напісаць кнігу пра беларускую атлетыку, то адным з галоўных яе герояў без сумнення мог бы стаць Іван Ціхан з яго неверагодным спартыўным лёсам. Ён станавіўся прызёрам алімпіяд, медалі забіралі, потым былі доўгія судовыя цяжбы, адну з узнагарод вярнулі, а затым вялікая паўза ў выступленнях і трыумфальнае вяртанне ў Рыа. Гэта не проста серабро, гэта ўрок сілы волі, жадання змагацца для ўсіх, хто хоча чагосьці дамагчыся ў жыцці.

Зараз ужо можна сказаць, што беларускі малатабоец - спартсмен легендарны. Калі ў 2000-м у Сіднеі ён спыніўся за крок ад медалёў (чацвёртае месца), то далей цэлы серпанцін з перамог, узнагарод, славы, падзенняў і фантастычных узлётаў. У 2003-м золата чэмпіянату свету ў Парыжы, у 2007-м паўтор выніку ў Осацы. У Афінах у 2004-м Ціхан паказвае 79,81 м. Гэта бронза, але ў чэмпіёна - венгра Адрыяна Ануша - пазней адбіраюць золата за допінг, беларус атрымлівае серабро, але праз цэлых 8 гадоў яго пазбаўляецца па тых жа прычынах. А затым была Алімпіяда ў Пекіне, там ужо молат ляціць 81,51 м. Трэцяе месца, але ў снежні як гром сярод яснага неба - Ціхана пазбаўляюць медаля і дыскваліфікуюць. А далей знакамітая на ўвесь свет гісторыя, калі разам з сябрам па камандзе Вадзімам Дзевятоўскім Іван судзіцца за сваю ўзнагароду і сенсацыйна справу выйграе. 5 жніўня 2010 года Івану Ціхану бронзу вяртаюць, але ў свеце лёгкай атлетыкі гавораць: ён больш не вернецца, сіл няма ды і не дадуць пасля такога ўдару выйграваць. Але хто можа перашкодзіць чалавеку, для якога спорт не проста прафесія, а справа ўсяго жыцця!

Да гэтага года Ціхан не выступае на буйных спаборніцтвах доўгія 8 гадоў. Вяртанне сёлета паказвае: 40-гадовы малатабоец у выдатнай форме. Апошні буйны старт - ліпеньскі чэмпіянат Еўропы. Там Іван кідае на 78,84 метра. Гэта серабро, а золата ў паляка Паўла Файдэка і тут скандал. Файдэк адмаўляюцца паціскаць руку Ціхану, узрываецца ў яго адрас гнеўнай тырадай, абяцаючы паставіць на месца беларуса ў Рыа. У спорце, як і ў жыцці, часам трэба быць больш сціплым. Кваліфікацыю на Алімпіядзе Файдэк правальвае і адпраўляецца дамоў. Гэта мінус адзін сур'ёзны канкурэнт. Але застаюцца паляк Войцэх Навіцкі і таджык Дылшод Назараў. Як пазней высветліцца, яны і разыграюць медалі.

Менавіта гэтай другой спробай беларус дае зразумець: сёння настроены сур'ёзна - 77,43, і гэта лепшы прамежкавы вынік. Але Назараў у трэцяй спробе кідае на 78,07. У фінал так і праходзяць - таджык першы, беларус другі. Але будзе яшчэ адна сенсацыя. Паляк Навіцкі робіць заступ за заступам і толькі з трэцяга падыходу прабіраецца ў васьмёрку наймацнейшых. У кожнага яшчэ тры спробы. У другой з іх Іван кідае на 77,79 - амаль падбіраецца да Назарава, але ненадоўга. Дылшода гэтым вечарам не спыніць - 78,68 у пятай спробе. Іван паказвае: нічога, у мяне яшчэ адна засталася, але снарад ляціць усяго на 76,34 метра. Да золата засталося рукой падаць, але такое серабро каштуе даражэй за золата.

У Мінску ноч, але за барацьбой у сектары, мяркуючы па сацыяльных сетках, сочыць ледзь не палова краіны. І, вядома, родныя. Ля тэлевізара ў Гродне і жонка Івана Вольга. Пазней скажа, што спыніцца за крок ад золата крыўдна.

Зразумець лёгкую горыч спартсмена, вядома, можна, але давайце глядзець праўдзе ў вочы: такая ўзнагарода - падстава для гонару і для радасці. А яшчэ гэта ўрок усім тым спартсменам, асабліва маладым, хто апускае рукі пры першай жа няўдачы. Вярнуцца так у вялікі спорт можна, толькі валодаючы неверагоднай сілай волі, ну і пры падтрымцы блізкіх людзей і балельшчыкаў.

Раніцай у Рыа, у той момант, калі Іван Ціхан заходзіў у студыю Белтэлерадыёкампаніі, на вяслярным алімпійскім канале стартавала наша жаночая чацвёрка-байдарка. Шчыра кажучы, гэта была вялізная надзея на медаль. Увесь сезон дзяўчаты на спаборніцтвах змагаліся з венгерскім экіпажам, вельмі моцным, лідарамі сезона. У бронзавым складзе чатырохгадовай даўнасці (менавіта на гэтай дыстанцыі ў нас у Лондане быў медаль) адбылася толькі адна ракіроўка - Маргарыта Махнева замяніла Ірыну Памелаву. Яны разам з Надзеяй Ляпешкай, Марынай Ліцвінчук і Вольгай Худзенкай з кваліфікацыі трапляюць у фінал напрамую з лепшым часам у сваім заездзе. Але ён не самы лепшы ў фінале, а таму крыху трывожна.

Лідары фіналу вызначыліся адразу. Венгеркі і немкі ішлі больш упэўнена за астатніх, нашы дзяўчаты на трэцім месцы, але ўкраінкі накатвалі. Каму дастанецца бронза? Гэтае пытанне заставалася адкрытым да самага фінішу. На такой кароткай дыстанцыі ўсё вырашаюць літаральна сантыметры, і ўсё-такі медаль ёсць. Апярэджваем украінак на амаль нябачныя вокам тры дзясятыя секунды.

Пакуль нашы дзяўчаты выходзілі на старт у Рыа, у Мінску галоўны трэнер зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч з жонкай, а таксама асабістым трэнерам Надзеі Ляпешкі Віталем Гутам хвалююцца і сочаць за заездам у прамым эфіры. Можна ўявіць, наколькі трэнеру цяжка сачыць за сваімі падапечнымі, знаходзячыся ад іх на такой адлегласці.

Адразу пасля фінішу тэлефон трэнера літаральна разрываецца ад званкоў. Трэнер прымае віншаванні стрымана. Шантаровіч відавочна разлічваў на перамогу.

Але ўжо сёння Уладзімір Шантаровіч абяцае: праз чатыры гады ў Токіа будзе зусім іншы вынік. Для гэтага ёсць усё: таленавітыя спартсмены, вопытныя трэнеры і выдатная школа.

Іван Ціхан у рамках праекта "Алімпійскі выбар" вырашыў падтрымаць слонімскую раённую СДЮШАР. Яна атрымае 10 тысяч рублёў. Што да нашай чацвёркі-байдаркі, то дзяўчаты адпраўляюць 7 тысяч 500 рублёў у Мазырскую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанні на байдарках і каноэ.