Наша зборная прайграла дэбютантам элітнага дывізіёна - венграм - з лікам 2:5

14 мая 2016

Пачнём выпуск з навін з Санкт-Пецярбурга. Наша зборная сёння, на вялікі жаль мільёнаў прыхільнікаў, прайграла дэбютантам элітнага дывізіёна - венграм - з лікам 2:5.

Прапусціўшы дзве шайбы ў першым перыядзе, дружына Дэйва Люіса ў пачатку другога здолела аднавіць парытэт 2:2. Але пераламаць ход гульні беларусам не дазволіла вялізная колькасць памылак. На другі перапынак каманды сыходзілі пры ліку 4:2 на карысць венграў. У трэцім перыядзе карцінка ў матчы не змянілася. Венгры не толькі ўтрымалі здабытую перавагу, але і змаглі вылучыцца яшчэ раз, выйграўшы гэту сустрэчу з лікам 5:2. Зборнай Беларусі засталося правесці ўсяго адзін паядынак супраць французаў. На дадзены момант мы замыкаем групу В і знаходзімся на мяжы вылету ў першы дывізіён. Толькі перамога над зборнай Францыі і паражэнне венграў у матчы супраць каманды Германіі дазволяць нам захаваць прапіску ў эліце сусветнага хакея. Матч Германія - Венгрыя адбудзецца 16 мая, беларусы і французы згуляюць на дзень пазней.