На тэрыторыі комплексу "Алімпійскі" праходзіць спартыўнае свята

2 июня 2018

Маштабная акцыя адбудзецца на базе САК "Алімпійскі" па вуліцы Сурганава, 2а. Кожны, хто жадае, на працягу дня можа паспрабаваць сябе ў адным з 35-ці відаў спорту. У мерапрыемстве прымуць удзел чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, пераможцы міжнародных турніраў.

На прамой сувязі са студыяй наш карэспандэнт Павел Капуцкі (прамое ўключэнне). Мы на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчага комплексу "Алімпійскі". Летась Міжнародны алімпійскі дзень адзначалі ў парку Горкага, але зараз месца выбрана не проста так. Менавіта тут праз год пройдуць Еўрапейскія гульні. А дакладна спаборніцтвы па пляжным футболе і стральбе з лука.

У 11 гадзін урачыста ўсталявалі таблічку аб пачатку будаўніцтва стадыёна для пляжнага футбола. На тэрыторыі САК "Алімпійскі" зараз працуюць 35 спартыўных пляцовак. Лёгкая атлетыка, баскетбол, настольны тэніс, біятлон, бокс… Юныя ўдзельнікі (і дарослыя таксама) могуць прайсці кароткі навучальны курс. У такім фармаце Міжнародны алімпійскі дзень у Беларусі адзначаецца трэці раз.

Гэтыя пляцоўкі - лепшая рэклама спорту. І калі дзіцяці спадабаецца нейкі від, бацькі тут жа на месцы атрымаюць усю інфармацыю аб спартыўных секцыях у Мінску. А яшчэ з улікам ролі медыцыны РНПЦ спорту даў перасовачную лабараторыю, дзе можна праверыць функцыянальны стан арганізма і схільнасць да пэўных відаў спорту.

Магчымасці вялізныя. Так што калі вы дзесьці ў Мінску і яшчэ не вырашылі, што рабіць гэтым суботнім днём - сардэчна запрашаем у САК "Алімпійскі". Праграма святкаванняў Міжнароднага алімпійскага дня разлічана да 16 гадзін.