На лёдзе "Чыжоўка-Арэны" стартаваў фінал гарадскога этапа рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба"

3 декабря 2018

Святочны настрой сёння панаваў і на лёдзе "Чыжоўка-Арэны". Тут стартаваў фінал гарадскога этапа рэспубліканскіх спаборніцтваў "Залатая шайба". 9 каманд на працягу тыдня будуць вызначаць найлепшую. Такія зімовыя старты ў нашай краіне сталі ўжо добрай традыцыяй, а для хлопцаў - сапраўдным стымулам, перамога ў "Залатой шайбе" для многіх з іх шлях да мары і пуцёўка ў вялікі спорт. На цырымоніі адкрыцця і першым матчы працаваў Станіслаў Ліпскі.

На тварах засяроджанасць, у вачах мэтанакіраванасць - перад стартам турніру поўная канцэнтрацыя - думкі толькі аб перамозе.

У "Залатой шайбе" выступаюць выключна аматары - сёння ў гэтых хлопцаў рэальная магчымасць праявіць сябе і атрымаць шанц стаць прафесіяналам: у свой час у гэтым турніры бліскалі Фяцісаў, Трацьяк, Харламаў.

Фінальны этап гарадскіх спаборніцтваў сабраў 9 каманд, якія падзеленыя на дзве групы. Фаварыты леташнія фіналісты "Грыфоны" з Цэнтральнага раёна сталіцы і "Мядзведзі" - з Маскоўскага.

Менавіта гэтыя дзве дружыны згулялі і ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў, тады перамогу атрымалі "Мядзведзі" 4:3

"Грыфоны" свой настрой узяць рэванш за студзеньскую асечку паказалі ў матчы-адкрыцці, пад каток дружыны Дзмітрыя Баскава трапіла "Алімпія" з Першамайскага раёна 7:1. Мікалай Лукашэнка ў свой актыў запісаў два дакладныя кідкі і адну галявую перадачу.

"Мядзведзі" свой стартавы матч правядуць заўтра супраць "Тарнада". З "Грыфонамі" яны змогуць сустрэцца толькі ў плэй-оф, каманды ў розных групах, але менавіта іх чакаюць у тытульнай гульне.

На працягу тыдня юныя хакеісты будуць вызначаць найлепшую каманду гарадскога этапа, фінал у наступны аўторак у 16:15 - тут, на Малой арэне спарткомплекса ў Чыжоўцы. Уласна, як і фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў, які пройдзе паралельна з Калядным турнірам. У самым пачатку ўжо наступнага, 2019-га, года.