На II Еўрапейскіх гульнях беларускія спартсмены заваявалі 69 медалёў

1 июля 2019

У апошні дзень спаборніцтваў на II Еўрапейскіх гульнях беларусы заваявалі 8 узнагарод, 2 з іх вышэйшай пробы. Таццяна Шаракова ў веласпорце на трэку выйграла індывідуальную гонку праследавання. Для яе, дарэчы, гэтая ўзнагарода ўжо другая. Раней яна стала трэцяй у групавой гонцы на шашы. І таксама на вышэйшую ступень п'едэстала напярэдадні падняўся Кірыл Грышчанка – барэц грэка-рымскага стылю ў вагавой катэгорыі да 130 кг. У вырашальнай схватцы беларус быў мацнейшы за Якаба Каджая з Грузіі - 5:1.

А партнёр Грышчанкі па камандзе Аляксандр Грабовік у вазе да 97 кг стаў сярэбраным прызёрам. Другое месца і ў баксёра Уладзіслава Смяглікава. У спартыўнай гімнастыцы дзве бронзы - у Андрэя Ліхавіцкага   ў практыкаванні на кані, і ў 15-гадовай Анастасіі Алістратавай у спаборніцтвах на рознавысокіх брусах. На трэцяй ступені п'едэстала і каратысты ў раздзеле “кумітэ” - у катэгорыі да 50 кг у жанчын Марыя Кулінковіч і да 67 кг у мужчын Арцём Краўцоў.

109 узнагарод і першае месца ў расіян. Беларусы таксама выканалі пастаўленую задачу - 69 медалёў (24 вышэйшай пробы, 16 сярэбраных і 29 бронзавых). На трэцім месцы размясціліся ўкраінцы, следам ідзе зборная Італіі, замыкае пяцёрку каманда Нідэрландаў.