Сусветнае першынство па хакеі завяршылася

26 мая 2014
Мінск развітваецца з планетарным форумам. Сусветнае першынство па хакеі завяршылася. Беларускі чэмпіянат ужо прызнаны адным з самых лепшых у гісторыі. Поўныя трыбуны балельшчыкаў і рэкорд наведвальнасці матчаў. Гэтая падзея сапраўды згуртавала не толькі ўсю Беларусь, але і ўсе краіны-удзельніцы ў адну вялікую спартыўную сям'ю. Тысячы балельшчыкаў, гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету сталі сведкамі незвычайнага, яркага, поўнага эмоцый і драматызму спартыўнага спаборніцтва.

На працягу сямнаццаці дзён беларуская сталіца жыла грандыёзнай падзеяй. Сёння гэта ўжо гісторыя. Ну а напярэдадні была залатая сустрэча. Гульцы расійскай зборнай у фінальным паядынку ўпэўнена абгулялі фінскую дружыну з лікам 5:2 і сталі пяціразовымі чэмпіёнамі свету. Радавалася ўся Арэна. Годную гульню паказала і беларуская зборная. У выніку сёмае месца чэмпіянату свету і адзінаццаты радок у рэйтынгу лепшых хакейных каманд планеты.

Такім чынам, чэмпіянат свету па хакеі ў Мінску, якім ён быў і якім запомніўся, у рэпартажы Станіслава Ліпскага.

Золата 78-га чэмпіянату свету разыгралі фіны і расіяне. Фінал выдаўся беспрэцэдэнтным: упершыню ў гісторыі сусветнага хакея ўдзельнічаць у вырашальным матчы забаранілі галоўнаму трэнеру адной са зборнай. Алег Знарок згодна з рашэннем дысцыплінарнага камітэта ІІХФ быў дыскваліфікаваны на фінал за жэст, паказаны ў адрас аднаго са шведскіх трэнераў напрыканцы пераможнага паўфіналу супраць шведскай зборнай. Гэта згуртавала каманду яшчэ больш, прызнаюцца пазней хакеісты, паабяцаўшы перамагчы фінаў і такім чынам падтрымаць трэнера.

Упершыню ў гісторыі сусветнага хакея на фінальным паядынку прысутнічалі адразу тры прэзідэнты: беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка, Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, а таксама Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, які знаходзіўся ў нашай краіне з афіцыйным візітам.

Пры такой падтрымцы прайграць у залатой сустрэчы нашы ўсходнія суседзі не маглі. Шырокаў адкрыў лік. Затым двойчы капітуляваўшы, расіяне запусцілі махавік сваіх атак, што вылілася ў град кідкоў па варотах скандынаўскага галкіпера і як вынік у чатыры закінутыя шайбы.

На фінальным матчы чэмпіянату свету, як і трэба па жанры, быў пастаўлены рэкорд наведвальнасці паядынку планетарнага форуму. На трыбунах Мінск-Арэны прысутнічала 15 тысяч 112 аматараў хакея. А наогул жа за час правядзення чэмпіянату на трыбунах дзвюх арэн сведкамі матчаў сталі больш чым 600 тысяч гледачоў. З дапамогай тэлекарцінкі на Беларусь змаглі зірнуць каля мільярда чалавек са 150-ці краін свету.

Даход, атрыманы ад правядзення турніру, згодна з папярэднімі падлікамі, склаў каля 50 мільёнаў долараў. У сталіцы з'явілася 14 новых гасцініц, каля 2 тысяч аб'ектаў гандлю, больш за тысячу пунктаў бытавога абслугоўвання. Абноўлены Нацыянальны аэрапорт Мінск. Але самае галоўнае - удзельнікі турніру, госці нашай краіны ўсе як адзін захапляюцца арганізацыяй чэмпіянату, і менавіта пра гэта яны раскажуць у сябе на радзіме.


Галоўны трэнер зборнай Фінляндыі Эрка Вестэрлунд, нягледзячы на паражэнне, таксама падзякаваў арганізатарам.


Эрка Вестэрлунд, галоўны трэнер зборнай Фінляндыі па хакеі: Выдатна, усё арганізавана на вышэйшым узроўні: і гасцініцы, і транспарт, і Арэна. Хацелася б падзякаваць арганізатарам за гасціннасць, мы сябе вельмі камфортна адчувалі. Не магу не адзначыць і спартыўны складальнік чэмпіянату - гульні атрымаліся цікавымі, пераможцу часта вызначала адна закінутая шайба.


У захапленні ад турніру і прэзідэнт ІІХФ Рэнэ Фазель, у гэты вечар ён хацеў, каб кожны беларус яго зразумеў.

Такім чынам, 78-ы чэмпіянат свету аб'яўлены закрытым. Расійская каманда паляцела ў Маскву, не чакаючы світанку. Фіны пакінулі сталіцу сёння днём. Безумоўна, сярэбраны поспех пасля двух стартавых паражэнняў - выдатнае дасягненне для скандынаваў.


Уласна, як і для нас, беларусаў: нацыянальная зборная скокнула вышэй галавы - выйшла ў чвэрцьфінал, прайграўшы падчас турніру толькі тром прызёрам чэмпіянату і камандзе ЗША. Разам мы свята - нацыя ў адзіным парыве перасягнула чаканні гасцей Беларусі.