Мінск упершыню прымае чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні

21 января 2019

З сённяшняга дня Беларусь - цэнтр фігурнага катання Еўропы. Адзін з галоўных топ-турніраў Мінск прымае ўпершыню. Да нас едуць лепшыя фігурысты кантынента, у тым ліку і алімпійскія чэмпіёны. Усяго больш як сто спартсменаў. Заўтра з Масквы прыляціць і пара, якая прадставіць Беларусь - Юрый Гуліцкі і Ганна Кублікава. У мужчынскім адзіночным катанні нашу краіну прадставіць Якаў Зянько. Сёння і заўтра на лёдзе "Мінск-Арэны" праходзяць афіцыйныя трэніроўкі, а ў сераду пачнуцца першыя спаборніцтвы. Грацыёзныя танцы на лёдзе ўбачаць і гледачы тэлеканала "Беларусь 5". Галоўны медыяхолдынг краіны пакажа чэмпіянат Еўропы ў максімальным аб'ёме і прамым эфіры. 

Крысціна Камыш пра маючае адбыцца прыгожае свята на лёдзе. 

У Нацыянальным аэрапорце Мінск з нядзелі дзяжураць журналісты. У Беларусь прыбываюць дэлегацыі на чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Разам са спартсменамі (а іх больш як сто) ляцяць трэнеры і абслуговы персанал - усяго каля 500 чалавек. Сёння нарасхват у прэсы вось гэты фігурыст.

Іспанец Хаўер Фернандэс - бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Пхёнчхане, двухразовы чэмпіён свету і шасціразовы чэмпіён Еўропы. У Мінску Хаўер будзе змагацца, вядома ж, за сёмае золата запар. А яшчэ менавіта ў Беларусі (што ганарова) Фернандэс завершыць сваю прафесійную кар'еру. 

На "Мінск-Арэне" выступяць зоркі сусветнага фігурнага катання. Гэта пацвярджаюць іх рэгаліі. Напрыклад, танцавальны дуэт з Францыі Габрыэла Пападакіс і Гіём Сізерон. Сярод спартыўных пар саперніцтва разгорнецца паміж расіянамі Яўгеніяй Тарасавай - Уладзімірам Марозавым і французамі Ванесай Джэймс - Морганам Сіпрэ. 

Юлія Комлева, старшыня Беларускага саюза канькабежцаў: "Нашы беларускія гледачы ў першую чаргу змогуць убачыць прафесійнае фігурнае катанне ўжывую. Гэта самае галоўнае. Патрабаванні выстаўляе Міжнародны саюз канькабежцаў. І мы выконваем усе патрабаванні мемарандума. 

Мінск гатовы да форуму на сто працэнтаў. Для гасцей ужо нават складзена культурная праграма. 

Аляксандр Марозаў, член аргкамітэта чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні - 2019: "Іх цікавіць усё. Многія з удзельнікаў і трэнераў (а тут будуць у тым ліку і вялікія трэнеры) будуць упершыню ў Беларусі. Усе хочуць паглядзець нашы гістарычныя мясціны. Многія выказалі жаданне з'ездзіць у Дудуткі, паглядзець наваколлі горада і замак у Міры. Праграма вельмі вялікая". 

Не забудуцца арганізатары і пра балельшчыкаў. На арэне чакаецца аншлаг як мінімум падчас гала-паказу. Едуць да нас фанаты гэтага прыгожага віду спорту з усяго свету. 

Наталля Алёхіна, прэс-аташэ чэмпіянату Еўропы па фігурным катанні - 2019: "Ужо прададзена 85 % білетаў чэмпіянату. Мы чакаем гасцей з Расіі, Латвіі, Украіны. Цікава, што ў нас ёсць запыты нават з Чылі. Для гасцей чэмпіянату горад традыцыйна праводзіць свае гулянні. Перад "Мінск-Арэнай" будуць арганізаваны пункты харчавання і забаўная праграма. На самой арэне будуць размешчаны тры фан-зоны: дзіцячая, таксама зона з традыцыйнымі беларускімі калядкамі і зона з эстраднай праграмай". 

Беларусь на чэмпіянаце Еўропы ў танцах на лёдзе будуць прадстаўляць Ганна Кублікава і Юрый Гуліцкі. Гэты дуэт утварыўся вясной 2017-га. Жыве і трэніруецца тандэм у Беларусі і Расіі. У Маскве фігурысты працуюць пад кіраўніцтвам Аляксандра Жуліна - таго самага трэнера, хто прывёў Таццяну Наўку і Рамана Кастамарава да золата Алімпіяды ў Турыне. 

У мужчынскім адзіночным катанні Беларусь прадставіць Якаў Зянько. 

Яшчэ заўтра спартыўныя дэлегацыі прадоўжаць прыбываць у Мінск. Напрыклад, наша танцавальная пара Кублікава - Гуліцкі прыляціць толькі ў аўторак у 10 вечара. Іншыя ж фігурысты на лёдзе "Мінск-Арэны" будуць адпрацоўваць праграмы. 23 студзеня стартуе барацьба за ўзнагароды. Закрые чэмпіянат 27 студзеня гала-канцэрт з удзелам прызёраў спаборніцтваў.

Адзначым, што кантынентальны форум будзе паказаны ў прамым эфіры спартыўных каналаў Белтэлерадыёкампаніі.