Мінск упершыню прымаў чэмпіянат Еўропы па канькабежным спорце

10 января 2016

Зараз зноў да тэмы спартыўнай. Мінск у гэтыя выхадныя ўпершыню прымаў чэмпіянат Еўропы па канькабежным спорце. З часоў Ігара Жалязоўскага і Анжалікі Кацюгі ў Беларусі так і не з'явілася яркіх спартсменаў у гэтым відзе спорту. Затое ў комплексе "Мінск-Арэна" ёсць канькабежны стадыён, які лічыцца адным з лепшых на кантыненце.

Менавіта дзякуючы яго з'яўленню беларускія балельшчыкі могуць разлічваць на тое, што хутка нашы канькабежцы зноў паднімуцца на самыя прэстыжныя п'едэсталы. Трэба проста набрацца цярпення. Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Вось гэты чалавек у 1994 годзе заваяваў адзін з першых алімпійскіх медалёў суверэннай Беларусі. Выхаванец савецкай школы, канькабежац Ігар Жалязоўскі шэсць разоў выйграваў чэмпіянаты свету і дагэтуль у гэтым відзе спорту яго не перасягнулі. Чаму? Адказ крыецца не толькі ва ўнікальным таленце Жалязоўскага - усё значна прасцей: у краіне доўгі час не было ўмоў для падрыхтоўкі.

Ставіць тэхніку на адкрытых пляцоўках ды яшчэ пры нашых кароткіх зімах - проста ўтопія. Нейкае час дзякуючы працяглым замежным зборам рэнамэ віду спорту падтрымлівала Анжаліка Кацюга, а калі яна завяршыла кар'еру, беларусы рэдка выбіраліся з падвалаў выніковых пратаколаў. Менавіта ў той час спела рашэнне аб будаўніцтве ў краіне крытага канькабежнага стадыёна.

Сяргей Мінін, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі: "Трэба гаварыць пра тое, што для нас, для краіны, для канькабежнага спорту гэта вельмі вялікі штуршок наперад. Таму што від спорту вельмі медалеёмісты. Гэта вялікі штуршок для нас. Міжнароднай федэрацыі вельмі падабаецца наш стадыён".

Стратэгічны разлік просты: раз наша краіна надае вялікую ўвагу спорту высокіх дасягненняў, асабліва алімпійскім дысцыплінам, то ігнараваць медалі, якія разыгрываюцца на лёдзе, нельга.

Калі палічыць камплекты ўзнагарод на апошніх Гульнях у Сочы, то на лёдзе іх разыгралі прыкладна столькі, колькі і на лыжні. Гэта значыць тэарэтычна канькі, кёрлінг, шорт-трэк, якія культывуюцца на "Мінск-Арэне, могуць даць такі ж вынік, што і біятлон з гладкімі лыжамі.

Чэмпіянат Еўропы па класічным мнагабор'і - першае статутнае мерапрыемства на мінскім канькабежным стадыёне. І апошні раз ён праходзіць па старых правілах. Два дні тут спаборнічалі зоркі першай велічыні, неаднаразовыя алімпійскія чэмпіёны. Напрыклад, Свен Крамер з Галандыі. Ён аблюбаваў "Мінск-Арэну" яшчэ некалькі гадоў таму, калі прыязджаў сюды на зборы.

Свен Крамер, трохразовы алімпійскі чэмпіён, Нідэрланды: "Стадыён забіты поўнасцю. Публіка добразычлівая, добра падтрымлівае спартсменаў. А галоўнае - лёд у добрым стане. Чатыры гады таму я ўжо быў тут на зборы. Спадзяюся, у будучыні яшчэ сюды прыеду".

А што нашы канькабежцы? Толькі трое выканалі нарматывы для ўдзелу на чэмпіянаце Еўропы, на подыум прадказальна не трапілі. Такі сёння ў нас узровень. І хоць займацца гэтым відам у Мінску можна бясплатна, ахвотнікаў нямнога. Узяць адны толькі канькі. Ад іх залежыць траціна поспеху, каштуюць яны прыкладна тысячу долараў. Але нават не ў гэтым галоўная праблема. Канькабежны стадыён "Мінск-Арэны" занадта малады і яшчэ не гатовы даваць добры вынік.

Затое ў Беларусі ўжо ёсць перспектыўная моладзь, якая займае прызавыя месцы на міжнародных стартах. Той самы плён, застаецца толькі адно - даспець.

Адкрыццё "Арэны" адбылося шэсць гадоў таму. Гэта першы ў Беларусі крыты канькабежны стадыён з 400-метровай дарожкай. Шырыня бегавой дарожкі 9 з паловай метраў. Агульная плошча лёду 10 тысяч квадратных метраў. Лёд тонкі. Яго таўшчыня ўсяго 2 сантыметры 7 міліметраў. Тэмпература на авале вар'іруецца. На віражах яна вышэйшая, каб счапленне з пакрыццём у спартсменаў было лепшым.

Тры машыны для залівання лёду ўсяго за 15 хвілін абнаўляюць авал. За адзін раз ідуць дзве тоны вады. Вады няпростай, спецыяльна ачышчанай і даведзенай да пэўнай тэмпературы.

Падчас чэмпіянату Еўропы заліванне рабілася прыкладна 10 разоў за дзень. Якасцю лёду ўдзельнікі засталіся задаволеныя. Для канькабежцаў гэта самы важны паказчык. Ацаніць узровень маглі і прадстаўнікі міжнароднай федэрацыі. Ужо ў наступным годзе мы можам прыняць этап Кубка свету.

Ёнас Пфлуг член зборнай Германіі па канькабежным спорце: "Шмат шуму, прыемная атмасфера. Гэта добры вопыт выступаць перад такімі трыбунамі. Што тычыцца лёду, так, ён вельмі хуткі".

Вярнуцца ў Беларусь захочуць не толькі спартсмены. Для гледачоў працавалі адразу дзве фанзоны. Адна ўнутры, другая на вуліцы. Для замежных балельшчыкаў на трыбунах быў выдзелены цэлы сектар. Нарвежцы, чэхі, і, вядома, галандцы.

Вінсент, балельшчык зборнай Нідэрландаў: "Мы прыляцелі некалькі дзён таму з Амстэрдама. У нас ёсць група з дзесяці чалавек, якія актыўна наведваюць міжнародныя спаборніцтвы па ўсім свеце. Дадому паляцім у чацвер. Яшчэ застанецца час, каб бліжэй пазнаёміцца з горадам".

Галоўная арэна - чэмпіянат свету па хакеі. Веладром - першынство планеты па веласпорце на трэку. Канькабежны стадыён - чэмпіянат Еўропы. "Мінск-Арэна" здала ўсе іспыты. І зараз чакае наступнай сесіі.