Меней за суткі застаецца да адкрыцця першых у гісторыі Еўрапейскіх гульняў

11 июня 2015

Меней за суткі застаецца да адкрыцця першых у гісторыі Еўрапейскіх гульняў, якія прымае Баку. Сёння ўначы ў сталіцу Азербайджана прыляцела асноўная частка нашай дэлегацыі. Акрамя саміх атлетаў, гэта трэнеры, спартыўнае кіраўніцтва краіны, журналісты. Усяго 90 чалавек. У тым ліку і здымачная група Агенцтва тэленавін. 

Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Трэнер зборнай па веславанні на байдарках і каноэ, якая стабільна прыносіць Беларусі медалі на Алімпійскіх гульнях, Уладзімір Шантаровіч, як і многія пасажыры рэйса Мінск - Баку, апынуўся ў абдымках Марфея. Першыя Еўрапейскія гульні для гэтых людзей пачаліся з начнога трохгадзіннага авіяпералёту. У спартыўным цэнтры Кюр весляроў чакае генеральная рэпетыцыя Алімпіяды ў Рыа.

Крыху раней у Баку прыляцелі нашы сінхраністкі. Менавіта беларускі заўтра ў восем раніцы па мінскім часе стануць першымі спартсменкамі, якія выступяць на Еўрапейскіх гульнях. Так вырашыла жэрабя. Таксама з імі ў Азербайджан прыбыў лідар зборнай па настольным тэнісе Уладзімір Самсонаў. Яго калегі па камандзе ляцелі з асноўнай групай, і на дзень прылёту ў іх былі запланаваныя адразу дзве трэніроўкі. Стаўкі высокія: пераможцы бакінскіх Гульняў у настольным тэнісе атрымліваюць пуцёўкі на Алімпіяду-2016.

Пасля адзнакі ў пашпарце аб перасячэнні мяжы члены беларускай дэлегацыі проста ў аэрапорце атрымалі свае акрэдытацыі. Найважнейшы дакумент на наступныя два тыдні.

У вёску атлетаў беларусы засяліліся каля шасці раніцы па бакінскім часе (ён на дзве гадзіны апярэджвае мінскі). Пасля бяссоннай ночы спартсменам вельмі трэба было аднавіць сілы, гэта значыць паспаць, бо ўжо заўтра першыя старты і цырымонія адкрыцця.

Яна пройдзе на нацыянальным стадыёне, які змяшчае больш за шэсцьдзесят тысяч гледачоў. Арэна адкрылася ў пачатку вясны. Таксама тут запланаваная цырымонія закрыцця і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Беларускі флаг падчас адкрыцця Гульняў будзе несці бронзавы прызёр Алімпіяды ў Пекіне барэц грэка-рымскага стылю Міхаіл Сямёнаў.

Прамая трансляцыя цырымоніі адкрыцця першых у гісторыі Еўрапейскіх гульняў заўтра ў 18:55 на "Беларусь 1".