У стане хлопчыка-героя, які выратаваў свайго брата падчас пажару, назіраецца станоўчая дынаміка

6 мая 2021

За станам гэтага юнага героя сочыць уся Беларусь. 12-гадовы Рома Кагатоўскі на руках вынес з палаючага дома свайго малодшага брата і атрымаў апёкі больш чым 60 працэнтаў цела. Паводле апошняй інфармацыі медыкаў, стан дзіцяці па-ранейшаму цяжкі, але назіраецца невялікая станоўчая дынаміка, юны герой стабілізаваўся па сваім стане, і арганізм спраўляецца з медыкаментознай нагрузкай. Урачы робяць усё магчымае, каб Рома пайшоў на папраўку, штодня праводзяцца кансіліумы, у тым ліку з вядучымі спецыялістамі з Расіі. 

Беларусы тым часам працягваюць адпраўляць хлопчыку добрыя словы і пажаданні хутчэйшага выздараўлення. Пад хэштэгам #РомаЖиви ў сацыяльных сетках ужо сотні фатаграфій і відэаролікаў. Гераічнасць хлопчыка нікога не пакідае абыякавым.