Марыя Шарапава ў цэнтры скандала

13 марта 2016

Скандал тыдня. Ён ізноў накрыў сусветны спорт і зноў звязаны з допінгам. Гэтым разам ахвярай стала адна з самых яркіх суперзорак - Марыя Шарапава. У яе арганізме, як і ў арганізмах яшчэ двух дзясяткаў атлетаў, выявілі мельдранад (яго яшчэ завуць мельдоній) - прэпарат, які стаў забароненым ледзь больш за 2 месяцы таму.

Калі падыходзіць да пакарання фармальна, то ўсе аўтаматычна павінны атрымаць па чатыры гады дыскваліфікацыі. Што значыць такі тэрмін для спартсмена - тлумачыць, бадай, не варта. Сусветнае антыдопінгавае агенцтва, мабыць, разумее, што перабрала з паляваннем на ведзьмаў і прапаноўвае адзін год адхілення ад спорту. Але хто вінаваты ў такой падачы на вылет? Самі атлеты або барацьбіты з допінгам? Хімія спорту - у рэпартажы Мікалая Стулы.

Марыя Шарапава шырока вядомая па ўсім свеце не толькі дзякуючы "кар'ернаму шлему" ў тэнісе і самым гучным крыкам на корце.

Расіянка беларускага паходжання з'яўляецца тварам шматлікіх брэндаў, выпускае кандытарскія вырабы. Ды і наогул падзеі апошняга тыдня намякаюць: у самай вядомай расійскай спартсменкі зараз будзе шмат вольнага часу - яе адлучаюць ад спорту за ўжыванне допінгу. Гэта можа азначаць і канец кар'еры, для паспяховага чалавека - трагедыя. Таму, пэўна, тлумачыць гэты сумны факт грамадскасці Шарапава выйшла ў чорным.

Марыя Шарапава, пяціразовая пераможца турніраў Вялікага шлема: "Я зрабіла вялікую памылку. Я падвяла балельшчыкаў, я падвяла спорт. Вельмі важна разумець, што на працягу 10 гадоў гэтыя лекі не былі ў спісе забароненых WADA, і я іх легальна прымала апошнія 10 гадоў. Але 1 студзеня правілы змяніліся, і мельдоній стаў забароненым прэпаратам, аб чым я не ведала. Я атрымала e-mail аб гэтых зменах у спісе забароненых прэпаратаў ад WADA 22 снежня, і я не адкрыла спасылку".

Мельдоній павышае працаздольнасць, цягавітасць арганізма да фізічнай і псіхічнай нагрузкі. Ён валодае танізавальным дзеяннем на цэнтральную нервовую сістэму, паляпшае памяць, здольнасць да канцэнтрацыі і каардынацыі рухаў. Лічыцца, што яго прымалі сотні спартсменаў. Каля двух дзясяткаў таксама не ведалі, як і Шарапава. І атлеты з Украіны, Грузіі, а, першым чынам, з Расіі таксама зараз чакаюць дыскваліфікацыі. Стваральнік мельдонія, латвійскі прафесар Івар Калвінш здзіўляецца, маўляў, прэпарат не можа лічыцца допінгам у спорце.

Івар Калвіньш, прафесар (Латвія): "Вядома ж, гэта не допінг. Мяркую, гэта палітычныя ігры. Калі няма навуковых абгрунтаванняў да забароны, то можна забараніць палітычна. Мельдоній не можа быць допінгам, таму што ён ратуе спартсменаў, а не стымулюе іх.

Гэта або супрацьстаянне Захад - Усход, або проста барацьба фармацэўтычных кампаній. Канкурэнты такім чынам вызваляюць месца для сваіх прадуктаў".

Дырэктар Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Беларусі Дзяніс Мужухін гаворыць, што мельдоній або мельдранад, вядома, нельга ставіць у адзін шэраг з цяжкімі стэроідамі, аднак і апраўдваць спартсменаў не варта - яны павялі сябе непрафесійна.

Дзесяцігоддзямі спартсмены свабодна набывалі гэты прэпарат, пакуль яго не ўнеслі ў спіс забароненых. Аспрэчваць рашэнне ВАДА праз суд бессэнсоўна, але гэтую арганізацыю можна пераканаць фактамі. І тады ўсё вернецца на кругі свая, але не раней чым у 2017-м.

Сапсаваны імідж і дыскваліфікацыя спартсменаў - гэта не ўсё. Страты Шарапавай пасля разрыву фундатарскіх кантрактаў з-за станоўчай допінг-пробы могуць дасягнуць 100 млн. фунтаў стэрлінгаў. Ад адной з лепшых тэнісістак свету адзін за адным адмаўляюцца сусветныя брэнды, якіх яна рэкламавала. Услед за Nike прыпыніла супрацоўніцтва з тэнісісткай аўтамабільная кампанія Porsche і іншыя.

Расія, Украіна, Грузія, Швецыя… Гэта пакуль не поўны спіс краін, чые спартсмены абвінавачаныя ва ўжыванні мельдонія. А як абнаўленні ў спісе забароненых прэпаратаў сустрэлі ў Беларусі?

Асабліва часта мельдоній сталі фіксаваць у станоўчых допінг-пробах расійскіх спартсменаў. У Маскве нават заяўляюць аб дэтэктыўных гісторыях - маўляў, канькабежцам Яўстратаву і Куліжнікаву допінг падкінулі свае ж.

Крэйг Рыдзі, кіраўнік Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (ВАДА): "Мы маем россып выпадкаў, пачынаючы з 1 студзеня, калі мельдоній з'явіўся ў спісе забароненых прэпаратаў. Гэтага не магло б адбыцца, калі б спартсмены былі больш уважлівыя да ўнясення ў спісы асобных прэпаратаў. Мельдоній можа быць вельмі моцнымі лекамі. Любы спартсмен, прызнаны вінаватым ва ўжыванні мельдонія, звычайна сутыкаецца з дыскваліфікацыяй на адзін год".

Гэтыя словы галоўнага чыноўніка ВАДА гавораць, што і ў яго ведамстве не да канца ўпэўненыя ва ўласных рашэннях. Бо, паводле кодэкса, за допінг першы раз спартсмена чакае дыскваліфікацыя на чатыры гады, за паўторны - пажыццёвая. А тут такая лаяльнасць. 23 сакавіка пачнуцца слуханні па справе Марыі Шарапавай. Цэлая каманда адвакатаў рыхтуецца абараніць абраз сучаснага спорту. Бо калі за малыя правіны адхіляць зорак, ці будуць глядзець спаборніцтвы старанных пасрэднасцяў?