Каму дастанецца галоўны трафей Каляднага турніру

6 января 2018

Вось-вось вызначацца фіналісты XIV Каляднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У гэтыя хвіліны завяршаюцца два апошнія паядынкі групавога этапу. Галоўныя фаварыты - Беларусь і Расія - пакуль вядуць завочную барацьбу. Але не хакеем адзіным жывуць у гэтыя дні госці Мінска. Сёння прайшла шостая дабрачынная акцыя "Калядная традыцыя". Гэтым разам убачыць зорных гасцей пашанцавала выхаванцам дзіцячага дома № 5 беларускай сталіцы. Рэпартаж Паўла Капуцкага.

Не зусім умела, затое з жаданнем і цікавасцю. Для кожнай каманды выхаванцы дзіцячага дома арганізавалі майстар-клас. Больш за ўсіх пашанцавала кітайцам: іх навучылі рабіць дранікі. У канцы, вядома, накармілі. Дзяўчаты - будучыя гаспадыні - справіліся выдатна.

Камандзе Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў дзеці паказалі, як іграць на музычных інструментах, а швейцарцаў навучылі рабіць калядныя паштоўкі. У дзіцячым доме жывуць 72 выхаванцы ад 4 да 18 гадоў. Яны ходзяць у звычайную школу, пасля 18 гадоў паступаюць вучыцца і пакідаюць дом, які стаў родным.

Ксенія Валахановіч, памочнік старшыні Прэзідэнцкага спартыўнага клуба:

"Падарункі з большага - гэта неабходныя рэчы дзіцячым дамам. Летась каманда Прэзідэнта падарыла настольны аэрахакей. У розныя гады дарылі наборы канькоў, баксёрскую грушу з пальчаткамі. Сёлета на грошы ад арганізатараў дзіцячы дом закупляе вяровачны парк са скаладромам. Дзеці займаюцца турыстычным шматбор'ем і будуць працягваць удасканальвацца".

Арганізатары каляднай традыцыі - Прэзідэнцкі спартыўны клуб і Федэрацыя хакея Беларусі - пералічылі дзіцячаму дому 25 000 рублёў. Гэта бязвыплатная спонсарская дапамога.

Пасля майстар-класаў - канцэрт. Дзеці паказваюць свае творчыя ўменні.

За канцэртам, а потым і за міні-футбольным матчам назірае кіраўнік Федэрацыі хакея Славеніі. Мацьяж Ракавец выступае за зборную Балканаў. Летась сумесная заяўка Мінска і Рыгі выйграла права правядзення чэмпіянату свету ў 2021 годзе. 55:52 - абысці Фінляндыю ў галасаванні было няпроста. А калі б галасы Славеніі дасталіся Суомі, то чэмпіянат мы з латышамі і не атрымалі б.

На "Чыжоўка-Арэне" праходзіць фінал "Залатой шайбы" ў старэйшай узроставай групе. Фіналісты вызначыліся сёння. Гэта дзве мінскія каманды - "Грыфоны" і "Мядзведзь". Заўтра на малой пляцоўцы ў 14:30 яны пазмагаюцца за першае месца.

Галоўная падзея вечара - матч Беларусі і Швейцарыі. У першых дзвюх сустрэчах гаспадары абгулялі Кітай і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Сёння для выхаду ў фінал іх задаволіць і нічыя, а вось швейцарцам патрэбна перамога.

Беларусы не сталі чакаць і пасля першага перыяду павялі 4:1, чым дэмаралізавалі саперніка.

Другую пуцёўку ў фінал разыгрываюць Расія і Чэхія. Гэтая сустрэча пачалася ў 19:30.

У дзённых паядынках Аб'яднаныя Арабскія Эміраты разграмілі Кітай 10:2 і заўтра будуць змагацца за бронзу. Зборная Балканаў атрымала гістарычную першую перамогу на Калядным турніры - 10:7 над Швецыяй.

Заўтра ў 13 гадзін пачнецца гульня за бронзу. Фінал стартуе ў 18 гадзін.