Як жывуць і трэнеруюцца беларускія спартсмены падчас пандэміі

27 апреля 2020
Спартыўны свет чакае свайго аднаўлення. Чакаецца, што першым са спячкі выйдзе футбол. Бундэсліга гатова пачаць гуляць ужо 9 мая з дазволу ўлад. Астатнім відам  прыходзіцца толькі спадзявацца на хуткі старт барацьбы. Дарэчы, нашы атлеты час праводзяць з карысцю на трэніровачных базах. Працэс падрыхтоўкі не парушаны. Комплекс "Стайкі" закрыты  для наведвання староннім. Аднак Крысціна Камыш прыдумала, як легальна прабрацца на базу і даведацца, як жывуць там нашы чэмпіёны і пераможцы. 

Спартсмены на ізаляцыі

Больш як 82 гектары займае комплекс "Стайкі". Гэта найбуйнейшая спартыўная база краіны па падрыхтоўцы нацыянальных каманд да чэмпіянатаў Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў. Тут могуць працаваць прадстаўнікі больш чым 20 відаў спорту. Але зараз усе атлеты знаходзяцца на ізаляцыі. Доступу да іх няма. У такой сітуацыі выхад толькі адзін - папрасіць спартсменаў стаць нашымі ўласнымі карэспандэнтамі.

Грэка-рымская і вольная барацьба, скачкі на батуце, самба, цяжкая і лёгкая атлетыка, бокс і каратэ. Разам 255 спартсменаў. Зараз база загружана роўна на 50 %. Трэніровачны працэс пастроены так, каб максімальную колькасць часу атлеты праводзілі на вуліцы.

Іван Янкоўскі, галоўны трэнер зборнай Беларусі па вольнай барацьбе: "Спакойна працуем у звычайным рэжыме. Не фарсіруем. Бегаем, гуляем у футбол. На вуліцы створаны ўмовы, каб займацца АФП. Усё выдатна, і хлопцы задаволеныя".

У адным пакоі жывуць максімум два чалавекі. Для кожнай зборнай - асобны блок або наогул гасцініца. Так шляхі каманд перасякаюцца намнога радзей.

Астэрыя Лімай, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў у жаночай эстафеце 4х400 М: "Кормяць нас тут выдатна! Па часе мы харчуемся -усе віды спорту ў свой час. І яшчэ ў нас розныя залы. Гэта значыць наш час сняданку ў 8:00. У кагосьці ў 8:30. Далей у 9:00, 9:30 і гэтак далей".

У комплексе прапускны рэжым. Пастаянна дзяжураць урачы. Дарэчы, у "Стайках" не было нават сезоннага ВРВІ. Няма кантактаў у спартсменаў і з прадстаўнікамі адміністрацыі. Па такім прынцыпе працуюць усе базы краіны. 

Сяргей Кавальчук, Міністр спорту і турызму Беларусі: "Паволі пачынаюць да спартыўнага жыцця краіны вяртацца. Ужо заявілі, што будуць аднаўляць усе чэмпіянаты па футболе. Праўда, без гледачоў на пачатковым этапе. Але ўжо ўсе бачаць выдатна, што ў ізаляцыі спартсмен, калі ён не трэніруецца, то для яго гэта не вельмі добра. Таму што месяц, умоўна, без трэніроўкі можа потым год спатрэбіцца для аднаўлення. Асабліва ў такіх відах спорту як фігурнае катанне, сінхроннае плаванне, гімнастыка і іншыя віды спорту".

Аднаўленне спартыўнага жыцця

Тое, што Беларусь робіць зараз, іншыя пакуль толькі плануюць. Міністэрства спорту Расіі распрацавала праект плана па аднаўленні цэнтральнай падрыхтоўкі сваіх атлетаў пасля ізаляцыі. 

Кожны новы дзень ва ўмовах самаізаляцыі выклікае трывогу ў спартсменаў, трэнераў, усіх, хто забяспечвае спартыўную падрыхтоўку. Прычыны відавочныя. Сёння, калі адменены ўсе спаборніцтвы як у краіне, так і за мяжой, калі закрытыя трэніровачныя базы і спартыўныя залы, падтрымліваць спартыўную форму неверагодна складана. Гэта - наш агульны боль. 

Цікава, што без трэніровак і спаборніцтваў спартсмены пачынаюць пакутаваць ад   дэпрэсіі. Даследаванне правёў Міжнародны саюз футбалістаў. FIFPro апытаў больш за паўтары тысячы гульцоў з 16 краін пасля прыпынення большасці ліг.

Вінцэнт Гутэбардж, медыцынскі кіраўнік FIFPro: "Маладыя футбалісты нечакана сутыкаюцца з такой нязвыклай самаізаляцыяй, прыпыненнем працоўнай дзейнасці і няўпэўненасцю ў будучыні. Некаторыя не могуць самі справіцца з гэтымі фактарамі, таму мы заклікаем іх звяртацца да адпаведнага спецыяліста па псіхічным здароўі, калі побач няма роднага або блізкага чалавека, якому яны давяраюць".

Пакутуюць ад ізаляцыі і адмены гульняў не толькі футбалісты. Так жонка хакеіста зборнай Беларусі Ніка Бэйлена апублікавала ў "Інстаграме" відэа і падпісала яго: "Ён здурэў!". 

Спорт ад беларускіх чэмпіёнаў

Нашы атлеты застаюцца пазітыўнымі. І матывуюць іншых не толькі рэгаліямі, але ўласным прыкладам. Праз сацсеткі паказваюць, як можна трэніравацца дома, каб заставацца ў форме. Канькабежцы, баскетбалісты, лёгкаатлеты, хакеісты, валейбалісткі.