Ігар Бокі на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра стаў ужо васьміразовым чэмпіёнам Гульняў

13 сентября 2016

Радасная падзея адбылася сёння ўначы. Пяты для краіны, чацвёрты асабісты і трэці залаты медаль у Бразіліі!!! Ігар Бокі на Паралімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра стаў ужо васьміразовым чэмпіёнам Гульняў. Беларускі плывец з паралімпійскім рэкордам фінішаваў першым на дыстанцыі 400 м вольным стылем у катэгорыі S13.

У фінальным заплыве Ігар Бокі паказаў час 3 хвіліны 55,62 секунды і абнавіў свой жа паралімпійскі рэкорд, устаноўлены 4 гады таму ў Лондане. Пры гэтым нашаму атлету не хапіла ўсяго 0,07 секунды, каб пабіць свой жа рэкорд свету на гэтай дыстанцыі. Сярэбраным прызёрам стаў украінскі спартсмен Яраслаў Дзенісенка, бронза ў Дзмітрыя Хорліна з Узбекістана. 22-гадовы Ігар Бокі з'яўляецца ўладальнікам ужо 10 медалёў Паралімпіяд. У Лондане на яго рахунку было 5 залатых і 1 сярэбраная ўзнагарода, у Рыа ён ужо заваяваў 3 залатыя медалі і 1 бронзу. Дзякуючы гэтаму поспеху ў медальным заліку Беларусь паднялася на 22-е месца.