Гонка праследавання ў Хахфільцэне прыносіць Дар'і Домрачавай яшчэ адну ўзнагароду

9 декабря 2017

І сёння зноў пачынаем нашу праграму з прыемнай спартыўнай навіны. Другая гонка другога этапу Кубка свету па біятлоне прыносіць Дар'і Домрачавай яшчэ адну ўзнагароду. У Хахфільцэне беларуская біятланістка стала трэцяй у гонцы праследавання.

У пасьюце беларуска дапусціла ўсяго адзін промах. Да апошняга трыа Домрачава, Кузьміна і Макарайнен трымалі балельшчыкаў у напружанні. Складанасцяў у гонку дадаў і вецер. Усё ж з умовамі надвор’я ў Хахфільцэне няпроста. Па гарачых слядах мы звязаліся з Дар'яй, каб павіншаваць яе з бронзавай узнагародай і першымі пачуць эмоцыі нашай біятланісткі (відэа).

Наступны этап Кубка свету Дар'я Домрачава прапусціць. Біятланістка прыняла рашэнне правесці трэніровачны збор. А значыць, сённяшняе праследаванне стала фінальнай асабістай гонкай спартсменкі сёлета. Дарэчы, перад Гульнямі ў Сочы Домрачава таксама прапусціла снежаньскі Ансі.

Напярэдадні трохразовая алімпійская чэмпіёнка паказала ўсяму свету, што здолела вярнуць сваю ранейшую форму, якая чатыры гады таму дазволіла ёй на Гульнях заваяваць тры медалі вышэйшай пробы. Адзін з іх, дарэчы, быў у праследаванні.

Пра ход сённяшняй гонкі - Алена Гарэльчык. Кароткая, але абавязковая праверка перад стартам. Дар'я выглядае спакойнай і засяроджанай. Стадыён адлічвае па-руску, і Домрачава бяжыць на дыстанцыю.

Ужо першыя адсечкі паказалі, што ў беларускі сёння будуць праблемы - саперніцы на дыстанцыі ідуць хутчэй, скарачаюць адставанне. Першыя два агнявыя рубяжы Дар'я праходзіць на нуль і ўсё яшчэ застаецца ў лідарах гонкі.

Да першай стойкі Домрачава і Кузьміна падыходзяць разам. Біятланістка са Славакіі дакладная, у Дар'і адна мішэнь застаецца незакрытай. Кузьміна вырываецца наперад, але Домрачава працягвае змагацца за першую пазіцыю. Ушчыльную да лідараў падбіраецца Кайса Макарайнен. Заключная стральба: Домрачава і Кузьміна па нулях, у фінскай біятланісткі адзін промах. Становіцца зразумела: п'едэстал разгуляе менавіта гэтая тройка. Беларуска, нягледзячы на ўсе старанні, саступае ў хуткасці, наперад скажам, што ў гэтым паказчыку Домрачава ў гонцы будзе толькі 31-й. Лічаныя метры да фінішу. Бітва застаецца за фінкай.

На кветачнай цырымоніі Домрачава не выглядае засмучанай. Бо ў гэтай гонцы яна зрабіла ўсё, што ад яе залежыла. А вось да сервісменаў беларускі сёння, відавочна, будуць пытанні. Праўда, паводле слоў біятланісткі, яны вырашаюцца.

У дзясятцы наймацнейшых, апроч Дар'і, апынулася і яшчэ адна беларуска. Ірына Крыўко здзейсніла рывок з 35-га месца на 9-е. Усе 20 стрэлаў патрапілі дакладна ў цэль. Надзея Скардзіна з двума штрафнымі кругамі 19-я. А заўтра нашым дзяўчатам трэба выступіць у эстафеце, і змагацца беларускі будуць выключна за перамогу.