Футбалісты БАТЭ наблізіліся да групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў

19 августа 2015

Футбалісты БАТЭ абгульваюць "Партызана" і на крок бліжэй становяцца да групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў. Зрэшты, перавага мінімальная - 1:0 - і таму ў супрацьстаянні каманд нічога не вырашана. Пра юбілейны паядынак, маскоўскую падтрымку сербскай каманды, а таксама статыстыку - Андрэй Іваноў.

Пра тое, што "Партызану" ў Барысаве будзе забяспечаная магутная падтрымка, стала зразумела за гадзіну да пачатку матча. Сярод традыцыйных чорна-белых колераў, якія гаварылі аб прыналежнасці да сербскага клуба, былі заўважаны чырвона-сінія. Спецыяльна на гульню прыехалі некалькі аўтобусаў з балельшчыкамі маскоўскага ЦСКА.

Пакуль госці вывешвалі банеры, БАТЭ стварыў некалькі момантаў. Двойчы забіваць мог Радзівонаў, але лічбы на табло не змяніліся.

Фан-сектар БАТЭ актыўнічае, гукавая і візуальная падтрымка на ўзроўні, зрэшты, і гасцявая трыбуна ні ў чым не саступае.

Для "Партызана" гэтая гульня была ў нейкай ступені значнай. Каманда праводзіла соты, юбілейны матч у Лізе чэмпіёнаў. Не выключана, што сербскія фанаты, а прыехала іх у Беларусь даволі шмат, падрыхтавалі з гэтай нагоды слівавіцу. Зрэшты, напоўніць куфлі і адсвяткаваць перамогу ім было не наканавана.  

У канцы першага тайма "Партызан" застаўся ўдзесяцёх, Еўтавіч зарабіў другую жоўтую і пайшоў у раздзявальню. Пасля антракта сербы прадказальна прыціснуліся да сваіх варот, прасторы ў гульцоў БАТЭ ў атацы стала менш, зрэшты, адзін момант рэалізаваць атрымалася, дапамог стандарт. Стасевіч навесіў, Гардзяйчук забіў.

Барысаўскія балельшчыкі пакідалі арэну ў добрым настроі, такога апанента павінны праходзіць, тым больш што статыстыка на нашым баку. Матч у адказ пройдзе ў Белградзе 26 жніўня.