Эксклюзіўнае інтэрв'ю чэмпіёнкі свету па сучасным пяцібор'і Анастасіі Пракапенкі

14 сентября 2018

Беларусь зрабіла сур'ёзную заяўку на алімпійскі п'едэстал - 2020. Так эксперты пракаменціравалі залаты медаль нашай Анастасіі Пракапенкі на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор'і. Турнір прайшоў у Мехіка. Перад вырашальным відам праграмы - камбінаваным бегам са стральбой - беларуска саступала лідару больш чым хвіліну. Але ў сваім каронным відзе пяцібор'я Анастасія здолела нівеліраваць адставанне і выйграць сваё другое золата, бо некалькі дзён таму разам з Ірынай Прасянцовай яны сталі чэмпіёнкамі свету ў жаночай эстафеце. З перамогай спартсменак павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

"Сардэчна віншую вас з выдатным выступленнем на чэмпіянаце свету па сучасным пяцібор'і ў Мехіка. Залаты медаль Анастасіі ў асабістым алімпійскім відзе праграмы і ваша сумесная перамога ў эстафеце пацвярджаюць высокі ўзровень айчыннай школы сучаснага пяцібор'я. Вы - малайчыны! Як і многія беларускія балельшчыкі, спадзяюся, што нашы прадстаўнікі гэтага віду спорту гэтак жа ярка і паспяхова выступяць на Алімпіядзе ў Токіа. Ад усёй душы жадаю вам і ўсёй камандзе моцнага здароўя і ўдачы ", - гаворыцца ў віншаванні.

У эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін чэмпіёнка свету падзякавала за дапамогу і падтрымку галоўнаму трэнеру зборнай Вальдэмару Дарыушу дэ Макаю і асабістаму трэнеру Анатолю Ткачэнку, а таксама спартыўным ведамствам, якія аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў.

Індывідуальнае золата чэмпіянату свету для Анастасіі Пракапенкі пакуль лепшае дасягненне. У Пекіне яна спынілася за крок ад медаля. Аднак наша спартсменка зноў гатова штурмаваць алімпійскі п'едэстал.