Дар'я Домрачава ўзяла золата на этапе Кубка свету па біятлоне. Віншуем!

18 марта 2018

Дар'я Домрачава ў бліскучым стылі здабывае сваю трыццаць другую перамогу ў кар'еры на этапах Кубка свету! Чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнцы сёння не было роўных у гонцы праследавання, якая завяршала спаборніцкую праграму ў жанчын у нарвежскім Халменколене. Беларуская біятланістка стартавала другой услед за Анастасіяй Кузьміной з адставаннем 9 секунд. Але больш дакладная стральба - у Дар'і ў выніку было два промахі супраць чатырох у Кузьміной - і хуткі ход на заключным адрэзку дазволіў беларусцы стаць трыумфатарам гонкі. Анастасія на другім месцы, трэцяя пазіцыя - у амерыканкі Сюзан Данклі. У агульным заліку Кубка свету Домрачава займае трэцяе месца.

Адзначым, Надзея Скардзіна з адным промахам і дзясятай хуткасцю на лыжні перамясцілася з 24-га месца на старце на 12-е на фінішы. 8-ы этап Кубка свету завершыцца мужчынскай эстафетнай гонкай - прамую трансляцыю "Беларусь 5" пачне ў 16:40.

З перамогай Дар'ю Домрачаву павіншаваў Аляксандр Лукашэнка.