Дар'я Домрачава афіцыйна завяршыла cпартыўную кар'еру

25 июня 2018

Герой Беларусі Дар'я Домрачава афіцыйна завяршыла сваю спартыўную кар'еру. Сёння на спецыяльна скліканай прэс-канферэнцыі ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Мінску Даша паведаміла пра сваё рашэнне журналістам. Дар'я Домрачава падкрэсліла, што галоўным матывам такога выбару стала немагчымасць знайсці кампраміс паміж выхаваннем дзіцяці і прафесійнай кар'ерай біятланісткі.

Дар'я Домрачава, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне: 

"Гэтае рашэнне для мяне абдуманае і, вядома ж, не лёгкае. Я завяршаю сваю спартыўную кар'еру, час у вялікім спорце для мяне будзе незабыўным. Я хачу падзякаваць усім тым, хто быў побач і хто сустрэўся мне і дапамагаў на гэтым шляху".

Уле-Эйнар Б’ёрндален, васьміразовы алімпійскі чэмпіён па біятлоне: 

"Зразумела, гэтае рашэнне - вельмі складанае для Дар'і, яна сыходзіць на піку, яшчэ ўвесну Даша не ведала, ці зробіць яна гэты крок. Зразумела, што шматлікія прыхільнікі Дар'і хацелі, каб яна працягнула сваю кар'еру, але мы прынялі такое сумеснае рашэнне - рашэнне на карысць сям'і і першым чынам Ксеніі".

Дар'я Домрачава - адзіная ў гісторыі біятлона чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, якая падарыла Беларусі шмат эфектных перамог і моцных эмоцый. Дададзім, у гэтыя хвіліны карэспандэнты Агенцтва тэленавін рыхтуюць вялікі рэпартаж пра нашу каралеву біятлона і самыя яркія моманты ў спартыўнай кар'еры Дашы.