Дар'я Домрачава атрымала перамогу ў спрынтарскай гонцы

8 декабря 2017

Пачнем з радаснай навіны - са спартыўнага трыумфу з Хахфільцэна: Дар'я Домрачава выйграла спрынт. Такім чынам, старт другога этапу Кубка свету па біятлоне прынёс беларускай зборнай другі залаты медаль. У першыя ж хвіліны пасля заканчэння гонкі з перамогай Дар'ю Домрачаву павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

На дыстанцыі біятланісткам прыйшлося змагацца не толькі з суперніцамі, але і з няпростымі пагоднымі ўмовамі. Дакладна страляць і хутка бегчы лыжніцам перашкаджаў снегапад. Узысці на п'едэстал Дар'і дапамагла бездакорная стральба на агнявых рубяжах. Домрачава здолела закрыць усе 10 мішэняў. Паказаўшы пятую хуткасць на дыстанцыі сярод усіх удзельніц, беларуска фінішавала з лепшым часам. Гэта 29-я перамога Дар'і ў гонках Кубка свету і 7-я ў спрынце.

Адразу пасля трыумфальнай перамогі мы атрымалі эксклюзіўны каментарый самой Дар'і Домрачавай, а таксама звязаліся па тэлефоне са старшым трэнерам па развіцці віду спорту Юрыем Альбертсам.

Ужо заўтра Дар'я Домрачава ў рангу лідара адправіцца на дыстанцыю ў гонцы праследавання з гандыкапам у 22 секунды перад славацкай біятланісткай Анастасіяй Кузьміной. Выйдуць на старт і яшчэ дзве беларускі Надзея Скардзіна і Ірына Крыўко. Прамую трансляцыю з Хахфільцэна тэлеканал "Беларусь 5" пачне ў 16:40. Мы далучаемся да віншаванняў і жадаем Дар'і далейшых перамог!