Баксёр Дзмітрый Асанаў заваяваў золата II Еўрапейскіх гульняў

29 июня 2019

Пачнём з самой гучнай перамогі ў беларускім боксе за апошнія 11 гадоў. Дзмітрый Асанаў - чэмпіён II Еўрапейскіх гульняў! Плюс да гэтага 23-гадовы спартсмен з Маладзечна прымерыў золата кантынентальнага турніру. Бо менавіта тут, у Мінску, турнір баксёраў, які праходзіць у рамках II Еўрапейскіх гульняў, таксама носіць статус чэмпіянату Еўропы. У 2008 годзе кантынентальны форум заваяваў Магамед Нурудзінаў, і вось зараз на вышэйшую прыступку п'едэстала паднімаецца Дзмітрый Асанаў. З перамогай чэмпіёна II Еўрапейскіх гульняў павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У фінальным паядынку катэгорыі да 60 кілаграмаў гаспадар рынга нанёс паражэнне расіяніну Габілу Мамедаву.

Шлях да золата II Еўрапейскіх гульняў быў не найлягчэйшым. Дзмітрыю Асанаву давялося прайсці скрозь сіта адборачных баёў. Пяць паўнавартасных найцяжэйшых паядынкаў, у кожным з якіх наш спартсмен выкладваўся да апошняга. Усё адбывалася на вачах родных балельшчыкаў, якія з усіх сіл падтрымлівалі свайго спартсмена. Адзначым, чатыры гады таму, на I Еўрапейскіх гульнях Дзмітрый Асанаў стаў сярэбраным прызёрам! Але ў вагавай катэгорыі ніжэйшай - да 56 кілаграмаў. А заўтра ў палацы спорту "Уручча" ў вазе да 91 кілаграма за тытул чэмпіёна пазмагаецца наш Уладзіслаў Смяглікаў з расіянінам Муслімам Гаджымагамедавым. Гэты паядынак запланаваны на 14 гадзін 45 хвілін.