Беларусы сталі чэмпіёнамі свету па лоўлі рыбы на мармышку з лёду

26 февраля 2016

У спаборніцтвах, якія прайшлі недалёка ад украінскага горада Цярнопаль, прымалі ўдзел 10 краін. У тым ліку - Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя і ЗША. Месцам рыбных баталій стала яшчэ змёрзлае Каспераўскае вадасховішча. Акунь, ёрш, падлешчык і карась - з вялікім адрывам з сумай 12 балаў беларуская зборная абышла сапернікаў ужо ў першы дзень чэмпіянату. І захавалі лідарства да канца спаборніцтваў. У асабістым заліку два з трох медалёў таксама дасталіся беларусам.

Канстанцін Ціханаў, трэнер зборнай Беларусі па рыбалоўным спорце:

"Як і ў любым відзе спорту, ёсць пэўныя хітрасці, пэўныя прыёмы, пэўныя фішкі. Але гэта ўсё напрацоўваецца гадамі. У кожнай зборнай гэтыя сакрэты дбайна захоўваюцца. Ну і з часам гэта ўсё прыносіць вынік".

Варта адзначыць, што гэта ўжо другі гучны поспех зборнай Беларусі ў рыбалоўным спорце. Раней ёй пакарыўся Казахстан, дзе нашы рыбаловы заваявалі золата.