80 гадоў таму былі вызвалены вязні азарыцкіх лагераў смерці

19 марта 2024

80 гадоў таму, 19 сакавіка 1944 года, войскі 65-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта Паўла Батава 1-га Беларускага фронту вызвалілі вязняў азарыцкіх лагераў. Дзерць, Азарычы і Падасіннік - сапраўдныя фабрыкі смерці на пярэднім краі абароны.

Ад надыходзячых часцей Чырвонай арміі вермахт затуляўся старымі, жанчынамі і дзецьмі. 50 тысяч чалавек былі сагнаныя ў балоты і знаходзіліся пад адкрытым небам без ежы, вады і цёплых рэчаў. Пра якія-небудзь санітарныя ўмовы размовы не ішло. Акрамя таго, вязні былі заражаныя сыпным тыфам. Трэці рэйх прымяніў у палескіх балотах бактэрыялагічную зброю, каб спыніць наступ савецкіх войскаў.

Яшчэ ў 46-м годзе на міжнародным трыбунале ў Нюрнбергу стварэнне лагераў смерці было названа самым страшным злачынствам вермахта за гады Другой сусветнай вайны. Але шырокай агалоскі зверствы падданых фюрэра не атрымалі, бо ў Германіі дзейнічала дактрына аб "чыстым вермахце".