Беларускія тэнісісты выйшлі наперад у матчы Кубка Дэвіса са Швейцарыяй

16 сентября 2017

Мужчынская зборная Беларусі па тэнісе выйшла ў лідары ў супрацьстаянні з камандай Швейцарыі ў рамках плэй-оф Сусветнай групы Кубка Дэвіса.

У Білі сёння быў дзень парнай сустрэчы. Максім Мірны і Андрэй Васілеўскі абгулялі Адрыяна Бодмера і Луку Маргаролі. Усе тры сеты беларусы выйгралі на тай-брэйку - 7:6. Паядынак доўжыўся больш як дзве гадзіны. Зараз наша каманда павяла ў матчы з лікам 2:1.

Максім Мірны, 55-ая ракетка свету ў парным разрадзе:

"Гэта гульня была вельмі напружанай. Я думаю, што нашы сапернікі выступілі добра. Магчыма, невялікі вопыт, які ў нас ёсць у парным разрадзе, і стаў ключавым фактарам, чаму нам атрымалася перамагчы. Гэта поспех.

Безумоўна, гэта выдатна, што мы лідзіруем перад апошнім днём Кубка. Спадзяёмся, што заўтра пакажам добры тэніс. Учарашнія матчы даказалі, што вынік будзе немагчыма прадказаць".

Адзначым, Максім Мірны праводзіць 55-ую матчавую сустрэчу за зборную Беларусі на Кубку Дэвіса. Перамога ў парным паядынку стала для тэнісіста 60-ай. Таму швейцарскія арганізатары ўшаноўвалі легендарнага гульца.

Заўтра пройдуць дзве адзіночныя гульні. Прамую трансляцыю матчу будзе весці тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак у 14:00.