Беларускія самбісты з трыумфам вярнуліся з чэмпіянату свету, які прымаў Бухарэст

12 ноября 2018

Беларускія самбісты з трыумфам вярнуліся з чэмпіянату свету, які прымаў Бухарэст. 12 узнагарод, у тым ліку 2 залатыя, 5 сярэбраных і 5 бронзавых медалёў. Наша каманда чарговы раз прадэманстравала высокі клас беларускай школы самба. У жаночым камандным заліку зборная Беларусі і зусім заняла другое месца, саступіўшы толькі спартсменкам з Расіі. З паспяховым выступленнем беларускую каманду павіншаваў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў майстэрства, характар, цярпенне і настойлівасць нашых спартсменаў і назваў такое выступленне добрым прыкладам для атлетаў, што вядуць падрыхтоўку да Еўрапейскіх гульняў. Нагадаем, самба ўваходзіць у праграму будучага старту. Асаблівую ўдзячнасць Кіраўнік дзяржавы выказаў Святлане Цімашэнцы і Таццяне Мацко, якія абаранілі тытулы лепшых самбістак свету ў сваіх вагавых катэгорыях.

Абаранілі свой тытул чэмпіёнаў свету і нашы батутысты. Уладзіслаў Ганчароў і Алег Рабцаў на планетарным форуме ў Санкт-Пецярбургу зноў узышлі на вышэйшую ступень п'едэстала і пры гэтым прадэманстравалі адну з самых складаных праграм сярод усіх фіналістаў. Кіраўнік дзяржавы ў сваім віншаванні пажадаў спартсменам і ўсёй камандзе ўпэўненасці ў сваіх сілах, а таксама адзначыў вялікую працавітасць спартсменаў і якасную працу трэнерскага штаба.