Беларускія паралімпійцы вярнуліся з зімовых Гульняў у Пхёнчхане

20 марта 2018

Сёння позна ноччу з Пхёнчхана вярнулася наша паралімпійская зборная. Каманду ўрачыста сустракалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Нягледзячы на даволі позні час - амаль гадзіну ночы - балельшчыкі, сябры і блізкія ніяк не маглі раз'ехацца па дамах. Кожны хацеў зрабіць сэлфі з героямі Паралімпіяды і павіншаваць спартсменаў асабіста. Чэмпіёны і прызёры, дэбютанты і ўжо вопытныя атлеты - дахаты гэтыя хлопцы без выключэння вярталіся пераможцамі.

У Пхёнчхане нашы спартсмены выйгралі 12 медалёў - па 4 кожнай вартасці. У трэнерскім штабе разлічвалі на лыжныя гонкі, і нашы спартсмены тут не падвялі, заваяваўшы 6 узнагарод, у тым ліку 3 залатыя. Але прыемна здзівілі вынікі ў біятлоне. У медальным заліку беларусы занялі высокае 8 месца, а Гульні ў Паўднёвай Карэі сталі самымі паспяховымі ў гісторыі нашай краіны.