Беларусь прыме 45-ю Генасамблею Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў

21 ноября 2015

Добрая навіна прыйшла з Прагі. Там сёння адбылося пасяджэнне 44-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, падчас якога прынята рашэнне, што праз год, у лістападзе 2016, Беларусь прыме наступную, 45-ю Генасамблею Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Па-сутнасці, гэта яшчэ адно пацвярджэнне і прызнанне на міжнароднай арэне ўнёску Беларусі ў развіццё алімпійскага руху і таго высокага ўзроўню, на якім краіна здольна праводзіць спартыўныя мерапрыемствы сусветнага маштабу. Тут, безумоўна, успамінаецца і чэмпіянаты свету па хакеі і веласпорце з мінскай прапіскай, і цэлы шэраг юніёрскіх першынстваў планетарнага і кантынентальнага маштабаў, нефармальныя спаборніцтвы ветэранаў - зорак сусветнага спорту. Зрэшты, Мінск апошнім часам з не меншым поспехам прымушае гаварыць пра сябе і як пра годную перагаворную пляцоўку, прычым у самых розных сферах - ад палітыкі і эканомікі да пытанняў энергетыкі і аховы здароўя. Успомніць сустрэчу "нармандскай чацвёркі" па Украіне ў лютым, кастрычніцкія - Генасамблею Міжнароднай электратэхнічнай камісіі і Еўрапейскую міністэрскую канферэнцыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, шэраг іншых знакавых падзей. Але вернемся ў Прагу. Такім чынам, як праходзіла сённяшняе галасаванне, што адыграла вырашальную ролю ў выбары Мінска месцам правядзення пасяджэння Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, даведаемся ў Алены Гарэльчык.

Генеральная асамблея Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Яна праходзіць раз на год і з'яўляецца адной з галоўных падзей спартыўнага календара нашага кантынента. Тут выбіраюцца сталіцы найбуйнейшых стартаў, у тым ліку Еўрапейскіх гульняў. Тут раскрываюцца апошнія нюансы падрыхтоўкі маючых адбыцца галоўных Гульняў чатырохгоддзя. Нарэшце, гэта ўнікальная магчымасць у адным месцы сабраць эліту ўсяго алімпійскага руху - прадстаўнікоў не толькі 50 нацыянальных камітэтаў краін Еўропы, у Генасамблеі прымаюць удзел кіраўнікі МАК і ЕАК Томас Бах і Патрык Хікі.

Па ўзгадненні з Прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта нашай краіны Аляксандрам Лукашэнкам, Беларусь падала заяўку на правядзенне Генасамблеі ЕАК у 2016 годзе. Перад вырашальным днём галасавання ў барацьбе за гэту ганаровую місію засталіся два гарады - Мінск і Ерэван.

У тым, што менавіта беларуская сталіца была галоўным фаварытам у барацьбе за права прыняць Генасамблею ЕАК, мала хто сумняваўся. Паспяховае правядзенне найбуйнейшых міжнародных стартаў, такіх як чэмпіянаты свету па хакеі і веласпорце, планетарнае першынство па біятлоне, чэмпіянаты Еўропы па мастацкай гімнастыцы, этапы Кубка свету па фрыстайле і сучасным пяцібор'і. Гэта турніры, якія атрымалі максімальна высокія ацэнкі ад прадстаўнікоў свету спорту: як спартсменаў і функцыянераў, так і простых балельшчыкаў. Невыпадкова менавіта нашай краіне ў 2019 годзе было даверана права прыняць у сябе летні еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль. Правядзенне Генасамблеі стане адным з ключавых этапаў падрыхтоўкі да гэтага спартыўнага форуму.

Правядзенне Генасамблеі для беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта стане прыемным падарункам. Бо ў 2016 наш НАК адсвяткуе свой 25-ы юбілей.