Беларусь і Латвія падпісалі дамову аб сумесным правядзенні чэмпіянату свету 2021 года

15 февраля 2019

Чырвонай ніткай апошніх тыдняў у інфармацыйным полі краіны прайшла цэлая чарада яркіх спартыўных стартаў. І самыя гучныя - наперадзе. Сёння ў Рызе федэрацыі хакея Беларусі і Латвіі падпісалі дамову аб сумесным правядзенні чэмпіянату свету 2021 года. Дакумент першым чынам прадугледжвае размеркаванне абавязкаў паміж бакамі. Удзел у грандыёзным спартыўным свяце ўжо гарантавалі сабе зборныя краін-гаспадынь, хто да іх далучыцца яшчэ, пакажуць вынікі чэмпіянату наступнага года. Падрабязнасці даведаемся ў нашага ўласнага карэспандэнта ў Латвіі Яўгеніі Шафранэк.

Урачыстая цырымонія падпісання дамовы аб сумесным правядзенні чэмпіянату свету па хакеі 2021 года сабрала ў латвійскай сталіцы не толькі прадстаўнікоў хакейных федэрацый абодвух бакоў, але і масу журналістаў. Падзея знакавая і доўгачаканая.

І Рыга, і Мінск ужо станавіліся гаспадарамі сусветнага форуму - Рыга ў 2006 годзе, Мінск - у 2014-м. Праз два гады Беларусь і Латвія ўпершыню выступяць спартыўным дуэтам. Гэтая перамога дасталася нялёгка.

Яшчэ 19 мая 2017 года стала вядома, што права правесці 85-ы чэмпіянат свету па хакеі дастанецца Мінску і Рызе. Тады барацьба ішла плячо ў плячо: выканаўчы камітэт Міжнароднай хакейнай федэрацыі аддаў 55 галасоў на карысць Латвіі і Беларусі, 52 - атрымала Фінляндыя.

Што і як падзялілі будучыя краіны-гаспадыні? Гульні групавога этапу і два чвэрцьфіналы пройдуць у латвійскай "Арэне Рыга", а матч за трэцяе месца, паўфінал і фінал чакаюцца ў беларускай "Мінск-Арэне".

Да 2021 года латвійскі бок у цэнтры Рыгі пабудуе трэніровачную арэну - дзве пляцоўкі па 500-700 месцаў для гледачоў. Гэта будзе база для ўсіх зборных краіны, тут можна будзе займацца не толькі хакеем, але таксама шорт-трэкам і кёрлінгам.

Свой удзел у чэмпіянаце ўжо гарантавалі зборныя Беларусі і Латвіі. Хто яшчэ да іх далучыцца, пакажуць вынікі чэмпіянату свету ў наступным годзе. Традыцыйна гэта будуць дзве каманды, якія зоймуць два першыя месцы, і яшчэ 12 зборных, якія кваліфікуюцца ўжо па выніках чэмпіянату свету - 2020.