БАТЭ ўжо 14-разовы чэмпіён Беларусі

27 ноября 2017

БАТЭ - чэмпіён. Самае яркае за апошнія гады першынство Беларусі па футболе завяршылася чарговым трыумфам клуба з Барысава. Радасць жоўта-сініх, расчараванне бела-сініх - у сюжэце Паўла Капуцкага.

БАТЭ сам стварыў сабе цяжкасці і гераічна іх пераадолеў. Віталь Радзівонаў пасля гэтага сезона завершыць гульнявую кар'еру. Але на развітанне з чэмпіянатам Беларусі зрабіў галявы дубль.

3:3. Гэты матч можна назваць цудам у Гарадзеі. Чэмпіён прадоўжыў паўнамоцтвы мінімум на год і летам зноў паспрабуе выйсці ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў.

У год 35-годдзя перамогі ў чэмпіянаце Савецкага Саюза мінскае "Дынама" ледзь не выйграла тытул. У апошнім туры каманда Сяргея Гурэнкі буйна перамагла ў Віцебску, 4:1. У табліцы ў "Дынама" і БАТЭ па 68 ачкоў, але ў барысаўчан перавага па асабістых сустрэчах.

Бела-сінія не могуць забыцца пра судзейскія памылкі ў карысць канкурэнта і справу Верамко. Тры ачкі, якія БАТЭ вярнулі, апынуліся вырашальнымі ў чэмпіёнскай гонцы.

Яшчэ два туры таму лёс чэмпіёнства быў у руках "Шахцёра", але спачатку гарнякі прайгралі "Тарпеда", а потым і "Нёману", даказаўшы сваю негатоўнасць біцца за золата.

І пакуль "Дынама" і "Шахцёр" думаюць, як праз год зрушыць БАТЭ, зараз ужо 14-разовыя рыхтуюцца закрыць сезон у Лондане. 7 снежня матч супраць "Арсенала" ў Лізе Еўропы.