2:0 - вынік першага гульнявога дня. Зборная Беларусі лідзіруе ў матчы першага раўнда Сусветнай групы Кубка Федэрацыі супраць Германіі

9 февраля 2019

Сённяшні дзень быў багаты на спартыўныя падзеі і станоўчыя эмоцыі ад іх. Ёсць важкая падстава парадавацца за нашых тэнісістак. Бо пасля доўгага перапынку для Беларусі зноў вярнуўся Кубак Федэрацыі. Мяркуйце самі, апошні раз неафіцыйны чэмпіянат свету сярод жанчын для нашай краіны праходзіў у красавіку мінулага года. Гэтым разам беларуская каманда гуляе на выездзе. Сапернік па першым раўндзе Сусветнай групы Кубка Федэрацыі - Германія. Тая самая зборная, якая апынулася мацнейшай на такой жа стадыі турніру ў 2018-м. Сёння безумоўным фаварытам у супрацьстаянні букмекеры называюць беларускіх дзяўчат. У нямецкі Браўншвейг прыехалі нашы лепшыя сілы: Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка, Вера Лапко, Лідзія Марозава і пасля амаль трохгадовага перапынку ў каманду вярнулася Вікторыя Азаранка. Адкрываць матчавую сустрэчу прыйшлося Аляксандры Сасновіч і Таццяне Марыі. У стартавым сэце дзяўчаты дагуляліся да тай-брэйку. Пасля першых шасці розыгрышаў лік быў роўны, але затым наша Саша зламала супраціўленне немкі, набраўшы чатыры ачкі запар і выйграўшы першую партыю: 7:6. У пачатку другога сэта беларуска хутка зрабіла брэйк і ўпэўнена давяла матч да перамогі - 6:3.

Аляксандра Сасновіч, 33-я ракетка свету: "Гэта быў вельмі хвалюючы паядынак. Асабліва ў самым пачатку. Усё проста - бо ты гуляеш за сваю краіну. І таму вельмі жадаеш перамагчы. Шчаслівая, што мне атрымалася выйграць. Парадаваў мой другі сэт. Мне здаецца, што я прадэманстравала добры тэніс. Аднак я магу і лепш. Задаволеная сваёй падачай. Форхенд быў нядрэнны. Мне варта папрацаваць над аднім з бакоў маёй гульні. Але вам я не скажу над якім".

Услед за Аляксандрай Сасновіч на корт выйшла першая ракетка нашай зборнай Арына Сабаленка. 9-й у сусветным рэйтынгу беларусцы супрацьстаяла Андрэа Петкавіч. Суперніца практычна не даставіла нашай тэнісістцы ніякіх праблем. Арына дзейнічала адважна і ўпэўнена, не аддаўшы немцы ніводнай сваёй падачы. Можна сказаць, што ў гэтым матчы шанцаў у Петкавіч не было. Усяго гадзіна і дзевяць хвілін спатрэбілася Сабаленцы, каб прынесці нашай зборнай другое ачко.

Арына Сабаленка, 9-я ракетка свету: "Калі быць шчырай, то вельмі выдатна гуляць на гэтай арэне. Нават нягледзячы на тое, што тут вельмі шмат нямецкіх балельшчыкаў, адчуваецца прыязная атмасфера. Тут шмат фанатаў і нашай каманды. І гэтая падтрымка вельмі важная, і я вельмі ўдзячная, што яны тут".

Пераможца двухдзённай дуэлі вызначыцца заўтра. Спачатку на корт выйдуць Таццяна Марыя і Арына Сабаленка. Прамая трансляцыя гэтай сустрэчы пачнецца на "Беларусь 5" у 13:00. Пасля згуляюць другія нумары каманд - Аляксандра Сасновіч і Андрэа Петкавіч. Завершыцца супрацьстаянне парным паядынкам, у якім Вікторыя Азаранка і Лідзія Марозава згуляюць супраць Анны-Лены Грэнефельд і Лаўры Зігемунд. Адзначым, капітаны абедзвюх каманд яшчэ могуць зрабіць замены.