Завяршыўся рабочы візіт Прэзідэнта Беларусі ў Казахстан

10 июня 2017

Беларускі лідар прыняў удзел у саміце кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы "ЭКСПА-2017". Таксама Кіраўнік дзяржавы правёў шэраг сустрэч і перамоў.

Падчас выступлення на форуме Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што далучэнне Беларусі да аб'яднання ў якасці назіральніка было правільным выбарам. Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва ператвараецца ў адну з самых уплывовых міжнародных структур. Краін, якія падтрымліваюць шанхайскі дух раўнапраўнага, узаемавыгаднага і мірнага існавання народаў, становіцца больш. Паўнапраўнымі ўдзельнікамі сталі Індыя і Пакістан. Важны акцэнт Аляксандр Лукашэнка зрабіў на пытаннях бяспекі, а таксама эканамічным вымярэнні міжнароднай арганізацыі.

У сталіцы Казахстана на ЭКСПА-2017 свае эканамічныя магчымасці прэзентавалі больш як 100 краін, у тым ліку і Беларусь. На адкрыццё выставы прыехалі амаль 20 сусветных лідараў, а таксама Генеральны сакратар ААН. З вітальным словам да гасцей звярнуўся прэзідэнт Казахстана. На ЭКСПА паказаныя амаль 50 навуковых распрацовак з нашай краіны. Беларусь выкарыстоўвае выставу і для прасоўвання тавараў, і для пошуку інвестараў. Асаблівасць нашага павільёна - максімальная інтэрактыўнасць і мультымедыйнасць. Сярод экспанатаў - электробус, фотаэлементы для атрымання сонечнай энергіі і шырокая лінейка святлодыёдных тэхналогій. Адно з цэнтральных месцаў займае пляцоўка з дэманстрацыяй магчымасцяў індустрыяльнага парка "Вялікі камень".