Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Грузіі ў Беларусь

2 марта 2017

Борт нумар 1 адправіўся з Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Нягледзячы на тое што напярэдадні лідары правялі насычаныя перамовы і доўга гутарылі сам-насам, сёння дыялог аднавіўся. Аляксандр Лукашэнка і Георгій Маргвелашвілі зноў сустрэліся ў Палацы Незалежнасці. Беларускі прэзідэнт цёпла прывітаў грузінскага калегу ў Зімовым садзе. Лідары размаўлялі на хаду. Маргвелашвілі дзяліўся ўражаннямі ад знаходжання ў нашай краіне і наведвання спартыўных пляцовак. Кіраўнікі дзяржаў змаглі абмяняцца думкамі па далейшым развіцці двухбаковых адносін.

Прайшло некалькі раўндаў перамоў. Адзначана, што Беларусь і Грузія зацікаўлены ў пашырэнні супрацоўніцтва, а эканомікі краін дапаўняюць адна адну. Тавараабарот за мінулы год падрос і набліжаецца да 100 мільёнаў долараў. Гэта рэкордны паказчык за апошнія 5 гадоў.

Цікавасць уяўляюць пастаўкі беларускай тэхнікі, стварэнне сумесных вытворчасцяў і цэнтраў сэрвіснага абслугоўвання. Беларускі лідар прапанаваў надаць асаблівую ўвагу новым ініцыятывам. У нашай краіне апошнім часам актыўна развіваецца hi-tech - з такой прадукцыяй Мінск ужо прысутнічае і на грузінскім рынку.

У нашай краіне працуюць амаль 2 дзясяткі сумесных прадпрыемстваў і столькі ж з грузінскім капіталам. Апошнія 2 гады кантакты сталі больш інтэнсіўнымі. Гэтаму спрыяў і дыялог лідараў.