Cамыя запатрабаваныя прафесіі

20 января 2015

На кожнага беспрацоўнага ў Мінску прыпадаюць тры свабодныя рабочыя месцы. Колькасць вакансій у гарадской службе занятасці – амаль 9 тысяч. Беспрацоўным ва ўсіх раённых аддзелах працаўладкавання дапамогуць не толькі знайсці працу, але і набыць новую спецыяльнасць. Пра самыя запатрабаваныя прафесіі - у сюжэце Надзеі Сербіненкі.

У холе міжраённага аддзела працаўладкавання шматлюдна. Усе прыйшлі па новую працу ці новую спецыяльнасць. Акрамя вакансій тут прапануюць прайсці навучанне і атрымаць новую, запатрабаваную спецыяльнасць па 30 розных накірунках.

Аддзел працаўладкавання накіроўвае ахвотнікаў вучыцца ў прафесійна-тэхнічны, індустрыяльны каледжы і ліцэй машынабудавання. Па гэтым шляху пойдзе і Піліп Караленка. Юнак – студэнт завочнага аддзялення сталічнага інстытута, вучыцца на культуролага. А ў цэнтр занятасці прыйшоў па рабочую спецыяльнасць. Прываблівае ў першую чаргу гарантаванае працаўладкаванне.

У гарадской службе занятасці зараз амаль 9 тысяч вакансій. Яны розныя па ўзроўні аплаты і патрабаваннях да суіскальніка.

У Мінску на аднаго беспрацоўнага прыпадае ў сярэднім тры-чатыры вакансіі. Але спецыялісты адзначаюць значную актывізацыю насельніцтва ў пошуках працы. У асноўным мінчане хочуць працаўладкавацца ў сферы будаўніцтва і гандлю.

Толькі ў гэтым раённым аддзеле працаўладкавання штодня рэгіструюць 20-25 беспрацоўных.


Зараз хочуць знайсці працу нават тыя, хто шмат гадоў нідзе не працаваў. Але і патрабаванням працадаўцаў трэба адпавядаць.

У спісе найбольш запатрабаваных прафесій - інжынеры, урачы, медсёстры. Таксама лёгка змогуць знайсці працу будаўнікі, электрагазазваршчыкі і вадзіцелі. А тыя, хто не мае спецыяльнасці, могуць яе атрымаць бясплатна пасля праходжання навучальных курсаў.