Узважаны падыход. Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях амністыі і памілавання асоб, асуджаных за наркотыкі

16 апреля 2020
Узважаны падыход пры амністыі асуджаных за нарказлачынствы і жорсткі - для карупцыянераў. Наконт гэтага сёння гаварылі  на нарадзе ў Палацы Незалежнасці.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў:  праект, падрыхтаваны Вярхоўным судом, -  акт гуманізму  ў гонар юбілею Вялікай Перамогі. У спіс уключылі непаўналетніх распаўсюджвальнікаў наркотыкаў, якія знаходзіліся ў арганізаваных групах,  а таксама асуджаных за карупцыю. Ім прапаноўваецца  скараціць тэрмін адбывання пакарання  на адзін год.

Па кожнай справе чакаецца дэталёвы разбор

Дарэчы, наконт асоб, якія атрымалі тэрміны за карупцыю,  на нарадзе ішлі вялікія спрэчкі. Кіраўнік дзяржавы сумняваецца,  ці ёсць неабходнасць скарачаць нават на адзін год пакаранне  гэтай катэгорыі асуджаных. Па кожнай справе чакаецца дэталёвы разбор.

Не менш важнае пытанне: інстытут паручыцельства пры памілаванні 

Асабліва гэта датычыцца падлеткаў, якія адбываюць пакаранне за незаконны абарот наркотыкаў. Зрэшты, і тут у дзяржавы  жорсткая пазіцыя. Аслабляць барацьбу з абаротам забароненых сродкаў  не будзем, але па непаўналетніх зноў жа ў індывідуальным парадку  разгледзяць, каго можна памілаваць. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў:  у такіх асуджаных  будзе толькі адна магчымасць выправіцца, другі раз  тэрмін стане больш жорсткім. 

Былі  названы і лічбы амніставаных, яны папярэднія 

Былі  названы і лічбы амніставаных, яны папярэднія: прыкладна 2 тысячы асоб могуць быць вызвалены поўнасцю. 3500  вызвалены ад іншых відаў пакаранняў. І яшчэ 6 500 могуць скараціць свой тэрмін на адзін год. Такія прапановы Вярхоўнага суда.