Другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан

29 ноября 2016

Сёння Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам краіны Артурам Расізадэ. Палітыкі абмеркавалі перспектывы развіцця беларуска-азербайджанскіх адносін. Асаблівая ўвага была звернута на рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых напярэдадні падчас афіцыйных перамоў прэзідэнтаў Беларусі і Азербайджана. А пасля сустрэчы адбыўся нефармальны абед беларускага лідара з прэм'ер-міністрам краіны.

Перад сустрэчай з Артурам Расізадэ Аляксандр Лукашэнка наведаў Цэнтр Гейдара Аліева. Ён пабудаваны ў постмадэрнісцкім стылі. Будынак лічыцца адным з сімвадаў сучаснага Баку. Белы колер сімвалізуе светлую будучыню. Праект будынка атрымаў прэмію "Дызайн года", заснаваную Лонданскім музеем дызайну. Узнагарода з'яўляецца адной з самых аўтарытэтных у галіне архітэктуры. Цэнтр - наглядная ілюстрацыя філасофіі дзяржаўнага будаўніцтва і ідэалогіі азербайджанства Гейдара Аліева, гісторыі краіны, мовы, культурных, нацыянальных і духоўных каштоўнасцяў. Аляксандр Лукашэнка таксама наведаў экспазіцыю рарытэтных аўтамабіляў. А пасля пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння таксама ўсклаў вянок да магілы агульнанацыянальнага лідара Азербайджана Гейдара Аліева на Алеі ганаровага пахавання ў Баку. Палітык быў пахаваны тут у снежні 2003-га. У першыя ўгодкі на магіле адкрылі манумент. Ён сімвалізуе горную радзіму палітыка - горад Нахічэвань.

Акрамя таго, сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да манумента на Алеі шахідаў. Падрабязнасці другога дня візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Азербайджан у нашых наступных выпусках.